Эксперт: Жорсткія санкцыі ЕЗ могуць стаць цяжкім ударам для эканомікі Беларусі
У выпадку ўвядзення Еўразвязам жорсткіх санкцый эканамічныя наступствы для Беларусі будуць вельмі негатыўнымі. Такое меркаванне ў каментары БелаПАН выказала акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова, каментуючы разгляд гэтага пытання ў Бруселі.
„Калі жорсткія санкцыі будуць ухваленыя і закрануць хаця б палову беларускага экспарту ў краіны Еўрасаюза, наступствы будуць вельмі балючымі. Санкцыі ў такім выпадку адаб’юцца і на валютнай выручцы, і на даходах бюджэту, гэта будзе цяжкі ўдар па эканоміцы”, — адзначыла Барнукова.
На яе думку, увядзенне жорсткіх санкцый Еўразвязам можа павысіць негатыўныя чаканні ў беларускім грамадстве, якія ў той або іншай ступені могуць матэрыялізавацца на валютным і дэпазітным рынку.
„Адпаведна, калі гэтыя працэсы будуць прыводзіць да зніжэння рэзерваў, Беларусі несумненна спатрэбіцца падтрымка з боку Расеі”, — мяркуе Барнукова.
Яна звярнула ўвагу, што чарговы пакет еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі будзе прыняты толькі ў тым выпадку, калі іх 21 чэрвеня аднагалосна ўхваляць усе краіны ЕЗ.
„Адбудзецца гэта ці не — вельмі складана сказаць. Ні ў апошнія гады, ні ў далёкія часы ЕЗ жорсткія эканамічныя санкцыі да Беларусі не ўводзіў. Праўда, і той сітуацыі, якая склалася цяпер паміж Беларуссю і ЕЗ, раней ніколі не было”, — канстатавала Барнукова.
Як паведамлялася, Еўразвяз цяперашнім часам рыхтуе пакет мер па ўзмацненні санкцый у дачыненні да Беларусі. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы 8 чэрвеня ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, заявіў, што з-за парушэнні правоў чалавека падрыхтаваныя жорсткія санкцыі, якія закранаюць „крытычныя галіны беларускай эканомікі”.
„Але фінальнае рашэнне будуць прымаць дзяржавы-чальцы. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтым рашэнні”, — сказаў Барэль.
У сваю чаргу беларускія ўлады заяўляюць, што санкцыі ЕЗ з’яўляюцца неабгрунтаванымі, і выказваюць упэўненасць, што краіна з імі справіцца, у тым ліку шляхам дыверсіфікацыі экспарту.
„Мы спакойна сочым за гэтай сітуацыяй, гатовыя да розных варыянтаў развіцця падзей і ўпэўненыя, што эканоміка Беларусі не толькі вытрымае і пераадолее, але і атрымае новы зарад бадзёрасці, як гаворыцца, каб больш актыўна працаваць на іншых рынках. Таму што свет не заканчваецца ні Еўрапейскім рэгіёнам, ні Паўночнаамерыканскім. Перад намі велізарная Азія, велізарны Усход”, — заявіў журналістам 1 чэрвеня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.