Чаму далейшае ўмацаванне беларускага рубля вельмі непажаданае?



Новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Расеі могуць прывесці да таго, што беларускі рубель працягне ўмацоўвацца ў адносінах да расейскага, а гэта вельмі непажадана. Такое меркаванне выказалі эксперты, каментуючы ўплыў расейска-амерыканскіх дачыненняў на Беларусь.

27 жніўня набылі моц новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Расеі, паведамленні пра ўвядзенне якіх ужо прывялі да падзення курсу расейскага рубля і росту курсу долара. Пры гэтым у кангрэсе ЗША знаходзіцца законапраект, у выпадку прыняцця якога санкцыі ў дачыненні да Расеі могуць быць больш жорсткімі.

„Найбольш балючая для Расеі мера, на якую могуць пайсці ЗША, — забарона амерыканскім інвестарам купляць расейскія аблігацыі. Рэалізацыя гэтай рызыкі прывядзе да адтоку замежнага капіталу з Расеі, што, безумоўна, аслабіць курс расейскага рубля”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар па развіцці „ФТМ Брокерс” Аляксандр Сабодзін.

Эксперты мяркуюць, што сітуацыя ў Расеі будзе аказваць моцны ўплыў на валютны рынак Беларусі.

„Палова тавараабароту Беларусі прыпадае на Расею. З улікам гэтай акалічнасці падзеі ў Расеі, калі расейскі рубель не адыграе страту пазіцый да долара, рана ці позна адгукнуцца ў Беларусі. А калі будуць новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі, то ўплыў на наш валютны рынак стане яшчэ больш адчувальным”, — лічыць фінансавы кансультант TeleTrade (ТАА „ТелетрэйдБел”) Жанна Кулакова.

На думку аналітыкаў, у выпадку, калі ўмацаванне беларускага рубля да расейскага працягнецца, попыт на беларускую прадукцыю ў Расеі будзе слабець, а расейскі імпарт стане яшчэ больш даступным для беларускіх спажыўцоў.

„Захаванне гэтага трэнду на працягу 3-6 месяцаў прывядзе да таго, што курс беларускага рубля будзе слабець у адачыненні да расейскага рубля, і прапарцыйна будуць расці курсы іншых валют нашага валютнага кошыку (долара і еўра)”, — прагназуе старшы аналітык „Альпары” Вадзім Іосуб.

Як паведамлялася, сёлета расейскі рубель на фоне амерыканскіх санкцый працягвае зніжацца ў адносінах да долара. На гэтым фоне курс беларускага рубля з пачатку года (па стане на раніцу 27 жніўня) ужо ўмацаваўся да расейскага на 11,5%. Міністэрства эканомікі Беларусі выказвае занепакоенасць назіранай дынамікай. „Ваганні расейскага рубля, якія адбыліся апошнім часам, вельмі сур’ёзна ўплываюць на нашы макраэканамічныя паказчыкі”, — заявіў на мінулым тыдні журналістам міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

БелаПАН