Эксперты ENSREG пачалі працаваць на БелАЭС



Эксперты Еўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) 31 жніўня пачалі працу на Беларускай АЭС у межах другой фазы партнёрскага агляду нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў станцыі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Каманду з 15 экспертаў узначаліць генеральны дырэктар Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Фінляндыі (STUK) Петэры Тыйпана. У яе таксама ўвойдуць прадстаўнікі Аўстрыі, Германіі, Грэцыі, Літвы, Украіны, Чэхіі і Швейцарыі.

На станцыі спецыялісты будуць працаваць да 2 верасня. Эксперты наведаюць шэраг тэхналагічных аб’ектаў БелАЭС, у тым ліку аб’екты „ядзернага вострава” першага энергаблока, рэзервовую дызельную электрастанцыю, а таксама агульнастанцыйныя збудаванні, адміністрацыйныя і дапаможныя карпусы другога энергаблока.

Прадстаўнікі ENSREG ацэняць выкананне нацплана дзеянняў з улікам рэкамендацый, выдадзеных гэтай групай у 2018 годзе. У прыватнасці, іх будуць цікавіць меры па такіх напрамках стрэс-тэстаў, як „Знешнія прыродныя ўздзеянні”, „Страта электразабеспячэння і канчатковага паглынальніка цяпла” і „Упраўленне цяжкімі аварыямі”.

Першая фаза партнёрскага агляду адбылася ў пачатку гэтага года. Падчас наведвання БелАЭС у лютым эксперты ENSREG былі ў рэактарным цэху другога энергаблока, пункце кіравання першага блока, будынку рэзервовай дызельнай электрастанцыі, пажарнай частцы, пункце кіравання супрацьаварыйнымі дзеяннямі, на трэнажоры вучэбна-трэніровачнага цэнтра і іншых аб’ектах. Яны разгледзелі сем прыярытэтных пытанняў, якія было важна прааналізаваць да ўводу ў эксплуатацыю першага блока станцыі, адзначаецца ў паведамленні Мінэнерга.

На пленарным пасяджэнні ENSREG у сакавіку была ўхваленая папярэдняя справаздача аб партнёрскім аглядзе нацплана па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС.

БелаПАН