Эксперты каментуюць выдаткі беларусаў на камуналку



Беларусы жывуць лепш за палякаў, літоўцаў і расейцаў. У гэтым пераконваюць на “Портале коммунальной грамотности населения”. Паводле аднаго з артыкулаў, беларусы ў сярэднім плацяць за камуналку столькі ж, колькі маламаёмасны ўкраінец. Ды ўвогуле аплата камунальных плацяжоў – гэта прыкладна 11 працэнтаў ад сярэдняга заробку беларусаў, які складае 720 рублёў. Гэтую інфармацыю каментуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

– Камунальныя паслугі ў іншых краінах, як правіла, прадастаўляюцца рыначнымі аператарамі. Там больш-менш сочаць за тым, каб не было лішніх выдаткаў. А тут трэба разабрацца, як і на што выдаткоўваюцца грошы. З аднаго боку, трэба прызнаць, што не ўсе плацяць. А з другога боку, ці не за шмат трэба плаціць. Павінна быць не толькі канкурэнцыя на рынку, але і арганізацыі людзей, якія будуць распараджацца сваімі грашыма, вырашаць, хто будзе вывозіць смецце, рабіць рамонт.

Агучаныя лічбы таксама каментуе палітык Рыгор Кастусёў, які шмат гадоў кіраваў Шклоўскай камунальнай гаспадаркай. Ён не згодны з тым, што выдаткі беларусаў на камуналку – гэта толькі 11 працэнтаў ад заробку. І падкрэслівае, што на гэты час беларусы не поўнасцю аплочваюць толькі адну паслугу:

– Па маіх падліках на многія камунальныя паслугі насельніцтва Беларусі ўжо праплачвае 100%. Гэта перадусім вываз смецця, тэхабслугоўванне. За ваду і каналізацыйныя паслугі – да 80%. Толькі адзін від паслугі не пакрываецца пакуль што насельніцтвам на 100% – гэта ацяпленне, бо насельніцтва праплочвае дзесьці 50%. Я не ведаю, з чаго вынікае, што беларусы пакрываюць камуналку ў 11% свайго заробку. Гэта неадукаванасць людзей, не іначай.

У студзені тарыфы на паслугі ЖКГ выраслі на пяць даляраў. Пры гэтым да канца года плануецца, што насельніцтва будзе пакрываць 75 працэнтаў кошту камунальных паслугаў, а да канца наступнага года – усе 100 працэнтаў. Але многія эксперты адзначаюць, што пры манаполіі дзяржаўнага сектара цяжка падлічыць рэальны кошт гэтых паслугаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gkx.by