Эксперты крытыкуюць нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця
Прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў чатыры разы ніжэйшая, чым у краінах Еўразвяза. Гэта вынікае з канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі да 2030 года, падрыхтаванай Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі.
Каб змяніць сітуацыю, найперш трэба прыватызаваць нерэнтабельныя прадпрыемствы, лічыць эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:
– Сапраўды, гэта даволі паспяховы варыянт. Бо калі перадаюцца нерэнтабельныя прадпрыемствы, то ў іх ёсць прынамсі шанец стаць рэнтабельнымі. А калі распрадаюцца такія прыбытковыя прадпрыемствы, як нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ці “Беларуськалій”, па якім цяпер вядуцца размовы, то гэта адназначна страты для беларускага бюджэту і наступных пакаленняў.
Канцэпцыю Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця крытыкуюць і іншыя эксперты. Так, намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц лічыць бессэнсоўным канкурыраваць з іншымі краінамі па ўсіх кірунках прамысловай палітыкі.
Па ацэнках распрацоўшчыкаў канцэпцыі, у выніку стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей прадукцыйнасць працы ў Беларусі можа вырасці ў 2020 годзе ў два разы, а да 2030 года — у чатыры разы і дасягнуць узроўню краін Еўразвяза.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя