Эксперты: Механізмы сацпадтрымкі павінны быць укаранёныя як мага хутчэй



Уладам варта як мага хутчэй укараняць механізмы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, папярэдне абмеркаваўшы іх публічна. Такую думку выказалі эканамісты даследчых арганізацый, каментуючы імклівы рост кошту жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі.

З пачатку гэтага года цэны на газ і электрычнасць для насельніцтва выраслі на велічыню ПДК (20%), тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне павялічыліся на 33%. У студзені ўрад заяўляў, што маламаёмным грамадзянам будуць выдзяляцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, аднак сістэма адраснай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва пакуль не ўкаранёная.

„Павышэнне тарыфаў без адэкватных мер сацыяльнай падтрымкі мае рызыку негатыўных наступстваў — неабароненыя слаі насельніцтва будуць скарачаць спажыванне харчовых тавараў, абвострыцца праблема неплацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі. Таму павінна быць як мага хутчэй укаранёная сістэма адраснай сацыяльнай падтрымкі”, — перакананы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Найбольш крытычна складваецца сітуацыя з адзінокімі пенсіянерамі, канстатуюць эксперты. „Раней у выдатках адзінокіх пенсіянераў „камуналка” магла займаць 15-20%, зараз жа гэтая лічба ў некаторых выпадках (калі кватэра вялікая) можа даходзіць да 50%”, — адзначае эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Пры гэтым эксперты лічаць, што сістэма адраснай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, якую анансаваў урад, павінна публічна абмяркоўвацца. „Тэма сацыяльнай падтрымкі наўпрост звязаная з распараджэннем сродкамі бюджэту, даходную частку якога грамадства і фармуе. Таму натуральна, што механізм адраснай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва павінен публічна абмяркоўвацца, аднак пакуль мы гэтага не бачым”, — дадала Барнукова.

belapan.by