Эксперты МАГАТЭ далі рэкамендацыі для павышэння бяспекі БелАЭС



Эксперты МАГАТЭ завяршылі 18-дзённую місію па аналізе эксплуатацыйнай бяспекі (pre-OSART) Беларускай АЭС. Папярэднія высновы групы экспертаў былі прадстаўлены 22 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць).

У склад групы ўваходзілі 15 экспертаў з Арменіі, Бельгіі, Бразіліі, Францыі, Нідэрландаў, Расіі, Славакіі, ЗША, а таксама прадстаўнікі МАГАТЭ. Яны ацэньвалі такія сферы, як лідарства і кіраванне бяспекай, падрыхтоўка і кваліфікацыя персаналу, эксплуатацыя, рамонт, тэхнічная падтрымка, вопыт эксплуатацыі, радыяцыйная абарона, хімія, аварыйная гатоўнасць і рэагаванне, кіраванне аварыямі і ўвод у эксплуатацыю.

Так, у якасці станоўчых практык эксперты адзначылі „надзейную сістэму аварыйнай абвесткі насельніцтва ў выпадку ўзнікнення радыёлагічнай і іншых аварый на станцыі з выкарыстаннем абсталявання, якое не залежыць ад знешніх крыніц энергазабеспячэння і абсталявана апаратурай маўленчага апавяшчэння”.

Таксама яны адзначылі наяўнасць у спецыяльнай пажарнай часці БелАЭС ахоўнага збудавання такога ж узроўню абароненасці, як і ў сховішча для персаналу станцыі; наяўнасць на блочным пункце кіравання інтэгральнай панэлі, спецыяльна спраектаванай для кантролю і кіравання перасоўным абсталяваннем падчас аварыйных сітуацый.

Разам з тым эксперты далі некалькі рэкамендацый для павышэння эксплуатацыйнай бяспекі. У прыватнасці яны рэкамендавалі эксплуатуючай арганізацыі забяспечыць „належнае кіраўніцтва ўсімі відамі дзейнасці, звязанымі з распрацоўкай і выкананнем эксплуатацыйных праграм”, узмацніць кантроль і нагляд „за праграмай уводу ў эксплуатацыю, уключаючы мерапрыемствы па прадухіленні патэнцыйнага трапляння старонніх прадметаў у важныя для бяспекі сістэмы і элементы станцыі”, а таксама ўкараніць” праграму ўліку вопыту эксплуатацыі, каб забяспечыць азнаямленне і ўлік урокаў з унутранага і знешняга вопыту эксплуатацыі”.

Кіраўнік місіі Юрый Мартыненка адзначыў, што яна праводзілася па запыце ўрада Беларусі ў МАГАТЭ. Асноўнай мэтай місіі быў „разгляд станцыйных палітык, праграм, практык на адпаведнасць патрабаванням і стандартам МАГАТЭ, а таксама выдача рэкамендацый па паляпшэнні эксплуатацыйнай бяспекі”.

„Гэта не праверка, падобная да той, якую праводзіць рэгулюючы орган, — сказаў Мартыненка. — Місія не правярае станцыю на адпаведнасць нацыянальным патрабаванням ядзернай бяспекі, паколькі выключнае права на выкананне такога віду дзейнасці належыць нацыянальнаму рэгулятару — Дзяржатамнагляду. Місія з’яўляецца маментальным здымкам палітык, праграм, працэдур і дзейнасці АЭС на перыяд правядзення місіі і робіць выснову, у якой ступені станцыя адпавядае патрабаванням МАГАТЭ”.

Вынікам місіі, паводле яго слоў, з’яўляюцца „рэкамендацыі і прапановы па паляпшэнні эксплуатацыйнай бяспекі, а таксама выяўленне добрых практык для азнаямлення з імі ўсёй міжнароднай супольнасці”. Кіраўнік місіі адзначыў, што каманда завяршыла працу на пляцоўцы 22 жніўня і па яе выніках ужо выпушчаны папярэдні рэліз. Аднак на наданне справаздачы па выніках працы місіі канчатковай формы пойдзе каля 12 тыдняў, пасля гэтага справаздача будзе афіцыйна прадстаўлена ўраду Беларусі. Урад „прыме рашэнне, які статус гэта справаздача будзе мець”.

У сваю чаргу намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заявіў, што місія pre-OSART для Беларусі „вельмі важная і значная”, паколькі было „вельмі важна ацаніць гатоўнасць персаналу і ў цэлым дзейнасці ў гэтым кірунку, атрымаць прафесійны погляд экспертаў і атрымаць рэкамендацыі, што нам яшчэ зрабіць для паляпшэння бяспекі”.

„Для Беларусі пытанні ядзернай бяспекі і транспарэнтнасці маюць абсалютны прыярытэт пры рэалізацыі нацыянальнай ядзерна-энергетычнай праграмы, — сказаў Міхадзюк. — Мы старанна прааналізуем вынікі місіі разам з рэгулюючым органам. Складзем план мерапрыемстваў па рэалізацыі рэкамендацый і прапаноў, разгледзім ва ўрадзе”.

„Гэта наша практыка, так мы робім пасля ўсіх ключавых місій — SEED, стрэс-тэстаў, мы заўсёды так рабілі”, — дадаў чыноўнік.

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць ядзернае паліва, павінен адбыцца восенню; другога, згодна з дакументамі „Расатама”, — да канца гэтага года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

БелаПАН