Эксперты: найгоршы сцэнар для беларускай эканомікі не адбудзецца
Нагадаем, з пачаткам пандэміі прагнозы наконт падзення беларускага ВУП мелі шырокі дыяпазон – ад 3% да 18%, пра рост ці спыненне на нулявым узроўні не вялося і не вядзецца. Але ўжо бачна, як сказала падчас zoom-канферэнцыі акадэмічная дырэктарка эканамічнага адукацыйна-даследчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова, што найгоршы прагноз абміне Беларусь:
– Васямнаццаць адсоткаў – гэта быў самы песімістычны сцэнар. Усе чыталі апісанне гэтага сцэнару – гэта працяг жорсткага каранціну і ў Еўропе, і ўвядзенне яго ў нас. Гэты сцэнар ужо не апраўдваецца.
Старшыня наглядальнай рады даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась лічыць, што беларускі ВУП абваліцца на 6%, а дырэктар ІПМ Аляксандр Чубрык дадае, што каб дасягнуць падзення ў 18%, у другім паўгоддзі беларуская эканоміка павінна абваліцца на 30%, улічваючы паказчыкі першых сёлетніх месяцаў. Такі катастрафічны абвал эканаміст разглядае як амаль неверагодны.
Канферэнцыя «Беларускі бізнес: напярэдадні, падчас і пасля пандэміі» адбылася ў межах праекта Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і Прэс-клуба «Адкрыты дыялог па эканамічных рэформаў».
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя