Эксперты не вераць у сярэдні заробак 500 даляраў



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка за апошнія месяцы некалькі разоў даваў абяцанне павялічыць сярэдні заробак да 500 даляраў і запатрабаваў выканаць яго любым коштам.

даляр

Ці рэальна гэта зрабіць? У нашым эфіры выказванні Лукашэнкі пракаментаваў кіраўнік аналітычнага рэсурса Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў:

– Будзе па тысячы даляраў і кожны месяц, але гадоў праз 300. Гэта сведчанне таго, што ніякай пазітыўнай праграмы ні ў асабіста Аляксандра Лукашэнкі, ні ў беларускага ўраду няма. Яны не ведаюць, што рабіць у гэтай сітуацыю, таму паўтараюць старыя мантры, але ў гэтыя мантры ніхто не верыць.

Пакуль жа сярэдні заробак скарачаецца трэці месяц запар. Паводле дадзеных Белстата, налічаны сярэдні заробак у лістападзе склаў 718 рублёў, гэта 370 даляраў. А да прыкладу ў жніўні ён складаў 750 рублёў.

Эканаміст Барыс Жаліба адзначае, што на фоне неспрыяльных знешніх ды ўнутраных умоваў, у бягучым годзе прагрэсавала зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва:

– Рэальныя даходы насельніцтва знізіліся, і на працягу года зніжаліся, больш чым на 7%. Народ, каб падтрымаць прымальны ўзровень жыцця, да якога прызвычаіўся за мінулыя гады, пачаў адкаркоўваць свае валютныя дамашнія кубышкі. Пачаўся сыход даляраў і еўра з валютных ашчаджэнняў у банкаўскай сістэме – гэта адразу адзначыла статыстыка. За год народ прадаў больш, чым набыў валюты амаль на два мільярды. Абразаваўся такі беларускі феномен, вось гэтыя два мільярды падтрымліваюць абменныя курсы беларускага рубля.  

Эканаміст падкрэслівае, што, каб змяніць сітуацыю, улады павінны пайсці на структурныя рэформы. Ці прыме Аляксандр Лукашэнка такое рашэнне? Гэтае пытанне доўгі час застаецца без адказу.

Беларускае Радыё Рацыя