Эксперты: Перамовы па паглыбленні інтэграцыі могуць зацягнуцца
Беларусь і Расея не змогуць да канца года дамовіцца па ўсіх ключавых эканамічных пытаннях, перамовы аб паглыбленні беларуска-расейскай інтэграцыі зацягнуцца, лічаць эксперты.
Каментуючы БелаПАН вынікі года, старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб адзначыў, што беларуска-расейскія перамовы аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі «пакінулі непрыемны асадак». «Выключна негатыўныя эмоцыі выклікаў той факт, што дакументы па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі аказаліся сакрэтнымі. Нават дэпутатаў, гэта значыць народных абраннікаў, з імі не азнаёмілі», – сказаў Іосуб.
Паводле яго слоў, з публічных крыніц зразумела, што той фармат эканамічнай інтэграцыі, які прапанавала Расея, не задаволіў беларускі бок. «Па гэтай прычыне можна чакаць зацягвання перамоўнага працэсу па тых пытаннях, якія ўлады Беларусі і Расеі ў гэтым годзе абмяркоўвалі», – прагназуе Іосуб.
Пры гэтым эксперты ўпэўненыя, што беларускі бок у перамовах з Расеяй будзе адстойваць суверэнітэт.
«Важны для краіны вынік года, які стаў відавочным на фоне перамоў аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, – рэакцыя грамадства. Насельніцтва адназначна выступае за суверэнітэт, і мы абавязаны яго захаваць. Не для таго нам Бог падараваў суверэнітэт, каб мы цяпер з ім рассталіся», – падкрэсліў у каментары БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.
Беларусі не варта было наогул уступаць у перамовы з Расеяй аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі, лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
«Цяпер расейскі бок увязвае зніжэнне кошту энерганосьбітаў Беларусі са стварэннем агульнай эканомікі, наднацыянальных органаў, што фактычна з’яўляецца пагрозай для эканамічнага суверэнітэту Беларусі», – мяркуе Крук. Такога павароту падзей варта было чакаць, лічыць эксперт.
Расея і Беларусь пакуль не дасягнулі пагаднення па нафце, газе і падатковай сферы, паведаміў журналістам кіраўнік Мінэканамразвіцця Расеі Максім Арэшкін па выніках чарговых перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якія прайшлі 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.
Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі ў Маскве 19 снежня заявіў, што кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці, магчымы пры стварэнні наднацыянальных органаў. Паводле яго слоў, у Беларусі самыя нізкія цэны на газ, якія толькі магчымыя для замежных партнёраў Расеі, – 127 долараў за тысячу кубоў. Пры гэтым сярэдняўзважаная цана па Расеі – 70 долараў. Пуцін адзначыў, што чым далей ад месцаў здабычы пастаўляецца газ у расейскія рэгіёны, тым больш датуецца цана з бюджэту. «Смаленск адносіцца да такой зоны, дзе датаванне самае высокае», – сказаў ён. Паводле слоў Пуціна, магчымы варыянт, калі Расея будзе датаваць кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці. «Але што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбныя агульныя правілы ў выглядзе законаў, у тым ліку ў сферы падатковага абкладання, у сферы датацыйнай палітыкі, у сферы падтрымкі з бюджэтаў розных узроўняў тых ці іншых галін. Для гэтага нават патрэбныя агульныя наднацыянальныя органы – кантрольны і эмісійны. Павінны агульныя правілы ў сферы антыманапольнай палітыкі працаваць, а можа быць, і агульны орган. Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзена толькі ў тым выпадку, калі ёсць палітычная воля і жаданне з абодвух бакоў», – заявіў расейскі кіраўнік.
«У нас такое жаданне ёсць», – падкрэсліў Пуцін. «Мы абмяркоўваем з нашымі беларускімі партнёрамі гэта, рухаемся наперад у значнай ступені, – сказаў ён. – Але на што мы зможам выйсці, пакуль незразумела. Забягаць наперад і пачынаць датаваць для Беларусі тое, што мы цяпер не гатовыя рабіць, ва ўмовах недавырашанасці пытання саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылковым».
7, 8, 20 і 21 снежня ў цэнтры Менска прайшлі масавыя вулічныя акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй.