Эксперты: Расея можа атрымаць кантроль над беларускімі НПЗ



Спрэчка Масквы і Менска ў нафтавай сферы можа скончыцца тым, што ў абмен на атрыманне кампенсацыі за падатковы манеўр Беларусі давядзецца прадаць Расеі нафтаперапрацоўчыя заводы. Такое меркаванне БелаПАН выказалі эканамісты, каментуючы ход перамоваў паміж дзвюма краінамі.

У новым годзе Расея пачала рэалізацыю падатковага манеўру ў нафтавай галіне, з-за чаго страты Беларусі, паводле ацэнак яе ўлад, у 2019—2024 гадах могуць скласці 10,5 млрд долараў. Менск просіць Маскву кампенсаваць верагодныя страты. У сваю чаргу, расейскае кіраўніцтва ўвязвае фінансавую падтрымку Беларусі з пакетам мер, накіраваных на „прасунутую інтэграцыю” дзвюх краін.

Беларускія эканамісты лічаць, што Расея, выкарыстоўваючы падатковы манеўр, спрабуе ўзмацніць свой уплыў на Беларусь.

„Расея заўсёды спрабавала прэтэндаваць на „кавалкі””беларускага суверэнітэту, але афіцыйны Мінск пастаянна гэтаму супраціўляецца. У выпадку з падатковым манеўрам Расея бачыць выдатную нагоду чарговы раз узяцца за старое, а Беларусь спрабуе атрымаць ад Расеі кампенсацыю за манеўр, не ахвяруючы пры гэтым ніяк эканамічным суверэнітэтам. У гэтай „п’есе” нічога новага — тыя ж дзеючыя асобы, тыя ж матывы”, — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

На яго думку, спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй па нафтавых пытаннях можа скончыцца тым, што Масква пагодзіцца выплаціць Мінску кампенсацыю за падатковы манеўр пры ўмове продажу беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. „Верагодны сцэнарый заключаецца ў тым, што да часу завяршэння падатковага манеўру Беларусь прадасць Расеі тое, што ёй цікава. Магчыма, актывамі, якія атрымае Расея, стануць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы”, — лічыць Чубрык.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя эканамісты.

„У свой час Расея ўвязвала куплю” Белтрансгаза „з цэнамі на газ для Беларусі. Цалкам магчыма, што гэтым разам Расея ўвяжа цэны на нафту для нашай краіны з атрыманнем кантролю над беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі”, — мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Нафтаперапрацоўка, падкрэслівае эксперт, адыгрывае вялікую ролю ў рамках эканамічнай мадэлі Беларусі, і любы шок на гэтым напрамку багаты вялікімі праблемамі для эканомікі.

„У сувязі з гэтым Беларусь будзе спрабаваць пазбягаць такіх шокаў, таму магчыма, што для забеспячэння стабільнай працы нафтаперапрацоўкі будзе разглядацца варыянт прыватызацыі беларускіх НПЗ на карысць Расеі”, — выказаў меркаванне эканаміст.

Беларускія ўлады раней двойчы называлі кошт продажу нафтаперапрацоўчых заводаў. У 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка ацэньваў кошт „Нафтана” і „Паліміра” у 3 млрд долараў, у 2014 годзе Менск быў гатовы прадаць кантрольны пакет акцый Мазырскага НПЗ пры ўмове, што інвестар пабудуе ў краіне яшчэ адзін нафтаперапрацоўчы завод.

belapan.by