Эксперты: Рыхтаваць цяпер эканамічную праграму на пяцігодку бессэнсоўна



Ва ўмовах нявызначанасці развіцця сусветнай эканомікі распрацоўка беларускай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады не мае ніякага сэнсу. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы рашэнне ўрада аб стварэнні рабочай групы, якой даручана падрыхтаваць праграму на пяцігодку.

„Зараз у сувязі з пандэміяй каронавіруса існуе высокая нявызначанасць, як у будучыні будзе развівацца сусветная эканоміка, незразумела, што адбудзецца з эканомікай асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. У гэтай сітуацыі распрацоўваць і зацвярджаць праграму на пяцігодку цяпер няма ніякага сэнсу”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары” Вадзім Іосуб.

У сваю чаргу акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова ў каментары БелаПАН заявіла, што „цяпер трэба адкласці ўбок працу над пяцігадовай праграмай, усякія фантазіі пра светлую будучыню і прадметна заняцца негатыўнымі эканамічнымі працэсамі, якія развіваюцца ў краіне”. На яе думку, цяперашні крызіс можа апынуцца больш сур’ёзным за эканамічны спад, які назіраўся ва ўсім свеце ў 2008 годзе.

„Калі пандэмія каронавіруса працягнецца доўга, то цяперашні крызіс будзе падобны нават не на глабальны спад 2008 года, а на падзеі 1990-х, калі развальваліся ўсе сувязі паміж кампаніямі і краінамі”, — лічыць Барнукова.

Рэакцыя ўладаў на такую сітуацыю павінна быць хуткай і максімальна адэкватнай, лічаць эксперты.

„Калі дом можа згарэць, праектаванне прыбудовы неактуальнае. Таму цяпер трэба не пяцігодкай займацца, а мінімізаваць існуючыя пагрозы для фінансавай стабільнасці, у тым ліку рызыкі суверэнных і карпаратыўных дэфолтаў”, — мяркуе старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

На яго думку, вырашаць эканамічныя праблемы за кошт манетарнага стымулявання, як зрабілі некаторыя краіны, Беларусі не варта.

„Калі падтрымліваць неэфектыўныя прадпрыемствы, фінансавыя ўліванні могуць пагоршыць даўгавую праблему ў эканоміцы. Жывымі грашыма цяпер трэба падтрымліваць толькі насельніцтва, а эфектыўныя кампаніі — ускоснымі мерамі (падатковымі, крэдытнымі вакацыямі), каб яны змаглі перажыць гэты крызіс”, — падкрэсліў Крук у каментары БелаПАН.

belapan.by