Экстраныя меры Нацбанка: 30% збор пры набыцці валюты
Сёння Нацыянальны банк Беларусі выпусціў прэс-рэліз аб сітуацыі ў эканоміцы. Галоўнае: ў Беларусі ўводзіцца 30-працэнтны збор пры набыцці валюты грамадзянамі і арганізацыямі, паведамляе people.onliner.by.
Прыводзім вытрымкі з тэксту прэс-рэлізу : „Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміках сумежных дзяржаў, і ў першую чаргу – у Расейскай Федэрацыі, Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг мер, накіраваных на недапушчэнне развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках Рэспублікі Беларусь і падвышэнне прывабнасці зберажэнняў у беларускіх рублях .
З улікам узрослага попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку прынята рашэнне аб часовым увядзенні 30-працэнтнага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі.
Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць дадзены збор пры набыцці валюты на біржы, грамадзяне – ў выглядзе камісіі пры куплі ў банках. Выплачаныя сродкі будуць накіроўвацца ў бюджэт.
Пры гэтым падыходы да курсаўтварэння на ўнутраным валютным рынку застануцца нязменнымі. Любы грамадзянін зможа здзяйсняць куплю і продаж валюты без абмежаванняў, суб’екты гаспадарання – на Беларускай валютна-фондавай біржы.