Электрычнасць аднавілі. Былі абясточаны 718 населеных пунктаў



Пасля аварыі на Лукомльскай ДРЭС энергазабеспячэнне ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях цалкам адноўленае, паведаміла дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”.

Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, 23 чэрвеня ў 21.41 у выніку адключэння электразабеспячэння былі абясточаныя Магілёў і 717 населеных пунктаў у Бялыніцкім (181), Круглянскім (140), Шклоўскім (200), Горацкім (34) і Магілёўскім (162) раёнах. У 23.30 электразабеспячэнне спажыўцоў адноўленае. За час адключэння работнікі МНС зрабілі 34 выезды на аказанне дапамогі насельніцтву (дэблакіроўка людзей з кабін ліфтаў, падача электраэнергіі для апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх). Па Віцебскай вобласці дадзеных няма.

На ДРЭС адбылося ўзгаранне ў другой секцыі трансфарматарнай падстанцыі ТН-330. Праз гадзіну пажар быў ліквідаваны. Паводле інфармацыі „Белэнэрга”, прычынай надзвычайнага здарэння стала анамальная тэмпература. Разбурыўся трансфарматар напружання, пасля чаго адключыліся лініі электраперадачы 330 кВ і ўсё абсталяванне электрастанцыі, якое працавала.

***

Надзвычайнае здарэнне вечарам у Беларусі. У Віцебскай і Магілёўскай абласцях амаль гадзіну цалкам адсутнічала электрычнасць, у Магілёве на дарогах некаторы час не працавалі светлафоры.

Прычынай стаў пажар на Лукомскай ДРЭС у Віцебскай вобласці, дзе адбылося ўзгаранне трансфарматару напружання. Работнікі МНС змаглі ліквідаваць пажар, ніхто не пацярпеў. Электразабеспячэнне ў вобласці паступова аднавілі, але пакуль не цалкам. Адначасна з гэтым жыхары Наваполацка заўважылі “факелы” у прамысловай зоне. Звычайна гэта адбываецца на хімічных вытворчасцях пры запуску абсталявання або яго пазапланавым спыненні. Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма.

Беларускае Радыё Рацыя