Энергетычны пуск першага блока БелАЭС плануюць завяршыць у бліжэйшыя дні



Этап энергетычнага пуску першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца завяршыць у найбліжэйшыя дні, пасля чаго ён зноў будзе падключаны да сеткі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

„Дадзены этап прадугледжвае правядзенне найбольш важных эксплуатацыйных выпрабаванняў, у тым ліку праверку адпаведнасці фізічных параметраў і характарыстык абсталявання і сістэм праектным у стацыянарных і пераходных рэжымах працы энергаблока. Ключавыя задачы ў рамках выпрабаванняў выкананы”, — адзначылі ў міністэрстве.

Паведамляецца, што на этапе энергапуску на блоку правялі больш за 200 выпрабаванняў і даследаванняў.

Зараз спецыялісты рыхтуюцца да пераходу на этап доследна-прамысловай эксплуатацыі першага блока БелАЭС.

3 снежня Мінэнергетыкі абвясціла аб планавым спыненні рэактара першага энергаблока атамнай станцыі. „У рамках завяршэння этапу энергетычнага пуску на БелАЭС ажыццёўлена планавае адключэнне першага энергаблока ад энергасістэмы, рэактарная ўстаноўка спыненая, — адзначалі ў энергетычным ведамстве. — Праводзіцца тэставанне ўсіх сістэм і абсталявання, якое будзе доўжыцца да 11 снежня”.

Першы блок АЭС уключылі ў энергасістэму краіны 3 лістапада. 8 лістапада выпрацоўка электрычнасці спынілася. 9 лістапада ананімныя крыніцы ў беларускіх тэлеграм-каналах заявілі, што турбіну спынілі з-за выхаду са строю трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. Крыху пазней прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўлена неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

Часовае прыпыненне пастаўкі электраэнергіі з БелАЭС Мінэнерга пацвердзіла 10 лістапада, адзначыўшы, што гэта „прадугледжана праграмай этапу „Энергетычны пуск”. 19 лістапада Міністэрства паведаміла аб паўторным уключэнні блока ў сетку пасля замены некаторага абсталявання і выпрабаванняў.

1 снежня прэс-служба Мінэнерга адзначыла, што пасля прадугледжанага праграмай выпрабаванняў скіду пары была выяўлена неабходнасць „дадатковай карэкціроўкі работы накрывак шумапаглыняльнікаў пары”. Тады падкрэслівалася, што блок застаецца ўключаным у сетку. За некалькі гадзін да гэтага паведамлення ў тэлеграм-канале motolkohelp са спасылкай на неназваную крыніцу з’явілася інфармацыя, што напярэдадні на першым блоку АЭС была „няштатная сітуацыя, у выніку адбыўся экстранны скід ціску”. Сцвярджалася, што „скід быў такой сілы, што развярнуў каўпакі клапанаў вагой у некалькі соцень кілаграмаў”. Пры гэтым заяўлялася, што рэактар цалкам спынены.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.

БелаПАН