Энергетыкі аднавілі электразабеспячэнне ў 391 населеным пункце
За мінулыя суткі энергетыкі аднавілі электразабеспячэнне ў 391 населеным пункце, паведамляе прэс-служба дзяржаўнага вытворчага аб’яднання „Белэнерга”.
„З-за моцнага парывістага ветру 3 мая часова парушалася электразабеспячэнне некаторых населеных пунктаў па краіне. Большая частка адключэнняў адбывалася па Менскай вобласці”, — гаворыцца ў заяве.
На раніцу 4 мая адключэнняў электразабеспячэння населеных пунктаў у краіне не зафіксавана.
Прэс-служба МНС у сваю чаргу паведамляе, што з-за моцнага ветру пацярпела электразабеспячэнне 38 сельскагаспадарчых будынкаў і 1.310 трансфарматарных падстанцый. На раніцу 4 мая без электрычнасці заставаліся чатыры падстанцыі.
У МНС паведамілі, што 3 мая з-за парываў ветру да 22 метраў за секунду пацярпелі тры населеныя пункты ў Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях — пашкоджаныя дахі двух жылых дамоў і аднаго сельскагаспадарчага будынка.
Ратавальнікі таксама зафіксавалі 47 выпадкаў падзення дрэў у Менскай вобласці (19), Мінску (10), Брэсцкай вобласці (10), Віцебскай (3), Магілёўскай (3) і Гомельскай (2). Паваленыя дрэвы пашкодзілі два аўтамабілі, пацярпелых няма.
„Работнікамі МНС і іншых арганізацый праводзіліся работы па распілоўцы і ўборцы паваленых дрэў. Вядуцца аднаўленчыя работы”, — паведамілі ў ведамстве.