Энергетыкі ўключылі лінію Беларуская АЭС – «Паставы № 2»
Энергетыкі ўключылі ў працу лінію Беларуская АЭС – «Паставы № 2» – чацвёртую з сямі паветраных высакавольтных ліній 330 кВ, якія злучаюць размеркавальную прыладу БелАЭС з аб’яднанай энергасістэмай краіны, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Раней былі ўключаныя ў працу тры высакавольтныя лініі, якія злучаюць БелАЭС з падстанцыямі 330 кВ «Менск Паўночная», «Смаргонь» і «Паставы № 1».
Чатыры ўключаныя ў працу высакавольтныя лініі – мінімальны склад ліній электраперадачы, неабходны для падключэння да энергасістэмы першага энергаблока атамнай станцыі.
Энергетыкам яшчэ трэба ўвесці ў працу тры высакавольтныя лініі, якія злучаюць БелАЭС з падстанцыямі 330 кВ «Маладзечна», «Рось» і «Стоўбцы».
17 лютага дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) пачаў мэтавую праверку гатоўнасці БелАЭС да завозу ядзернага паліва.
24 лютага ў Беларусь прыбылі эксперты Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі. Да 4 сакавіка яны будуць ажыццяўляць місію INIR 3 – трэці этап ацэнкі комплексу атамнай інфраструктуры краіны.
Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Згодна з апошнімі заявы чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога – на 2021-шы. Мяркуецца, што станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.
Фота: sputnik.by