Эпідэмія каранавірусу можа адбіцца на тэрмінах запуску Беларускай АЭС



Такое меркаванне выказаў БелаПАН кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў.

«Як можна было спрагназаваць падзеі, пра якія ўчора ў навінах паведамілі? Там вялікая колькасць людзей шпіталізаваныя, ізаляваныя. Больш за сотню чалавек (яны кантактавалі з расейскімі спецыялістамі, у якіх пацверджаны COVID-19) выключаныя з працэсу падрыхтоўкі да завозу паліва і фізічнага пуску», – сказаў ён.

«Паколькі сітуацыя ўзнікла толькі ўчора, орган рэгулявання пакуль не вельмі разумее, якім чынам гэта адаб’ецца на тэрмінах [завозу паліва і фізічнага пуску першага энергаблока АЭС] і ці адабʼецца. Але я магу выказаць думку, што адабʼецца», – дадаў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

Раніцай 8 красавіка галоўны дзяржаўны санітарны лекар Гарадзенскай вобласці Мікалай Кендыш паведаміў БелаПАН, што ў Астраўцы з каронавіруснай інфекцыяй шпіталізаваныя 15 расейцаў. Клінічных праяў, у тым ліку павышанай тэмпературы, у іх не было.

Праз некалькі гадзін гэтую інфармацыю пацвердзіў на анлайн-брыфінгу міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, усе замежнікі, якія прыязджаюць на Беларускую АЭС для мантажу і пусканаладачных работ, праходзяць лабараторнае тэставанне і, перш чым пачаць працаваць, знаходзяцца пад наглядам на каранціне.

«Сапраўды, у групы будаўнікоў, якія знаходзіліся на каранціне, паўторнае лабараторнае тэставанне дало станоўчы вынік. На сённяшні момант яны ўсе шпіталізаваныя, праводзіцца паглыбленае іх абследаванне для таго, каб вызначыць, з чым мы маем справу: носьбіцтва або ранняя праява хваробы. Калі інфармацыя будзе пацверджаная клінічна і лабараторна, мы яе дадзім асобна», – сказаў міністр і заўважыў, што названая група будаўнікоў у работах на АЭС не ўдзельнічала.

У той жа дзень прэс-служба інжынірынгавага дывізіёна расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам» (генеральны падрадчык збудавання БелАЭС) паведаміла, што сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй COVID-19 на будпляцоўцы станцыі «ўзятая пад строгі кантроль». У кампаніі адзначылі, што 15 спецыялістаў з трох субпадрадных арганізацый «Расатама» са станоўчымі вынікамі тэстаў на каронавірус, якія прыбылі на будпляцоўку БелАЭС, «змешчаныя ў лячэбную ўстанову Гарадзенскай вобласці». Кола асоб, якія кантактавалі з імі, устаноўленае, яны таксама ізаляваныя.

За некалькі дзён да гэтага, 6 красавіка, прадстаўнік адміністрацыі БелАЭС паведаміў БелаПАН, што эпідэмія каронавірусу не паўплывала на ход збудавання станцыі, усе будаўнічыя работы вядуцца па графіку. «Як працавалі, так і працуем. Каранцін жа ў нас не ўведзены ні ў краіне, ні на Беларускай АЭС, таму ўсё ў графіку», – адзначыў суразмоўца.

Прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Жана Зянькевіч паведаміла БелаПАН, што карэктаваць ход збудавання БелАЭС у сувязі з эпідэміяй каронавіруснай інфекцыі не плануецца. «Ніякіх змен няма. Станцыя будуецца паводле графіка. Адзінае, што нам адмянілі прэс-тур, які мы планавалі на красавік», – сказала яна.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Згодна з апошнімі заявамі чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога – на 2021-шы. Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

БелаПАН