Ермаловіч: Беларусь выканала ўсе ўмовы ЕФСР



Беларускі бок выканаў усе ўмовы для атрымання сёмага траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Аб гэтым заявіў 29 сакавіка журналістам міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

„У нас па крэдыце Еўразійскага фонду выкананы ўсе ўмовы. Мы інфармавалі нашых расійскіх калег аб тым, што ўмовы сёмага траншу выкананы ў поўным аб’ёме. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час будзе падрыхтавана і заключэнне экспертнага савета фонду, і мы правядзём пасяджэнне савета Еўразійскага фонду і прымем рашэнне. Якое гэта будзе рашэнне – станоўчае або адмоўнае – яго будзе прымаць савет фонду. Мы спадзяёмся на станоўчае рашэнне ў хуткім часе. Гэта азначае, што $200 млн сёмага траншу мы зможам з гэтай крыніцы прыцягнуць”, – сказаў міністр.

Беларусь у першай палавіне 2015 года падала заяўку на крэдыт у памеры $3 млрд у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС (цяпер мае назву Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця – ЕФСР). У далейшым першапачаткова агучаная сума крэдыту для Беларусі ў памеры $3 млрд зменшылася да $2 млрд. Сродкі прадастаўляюцца сямю траншамі.

belta.by