ЕС дапаможа польскім вытворцам малака
120 мільёнаў злотых атрымаюць польскія вытворцы малака. Гэта сродкі Еўракамісіі і яны з’яўляюцца рэакцыяй на складаную рынкавую сытуацыю. Пасля скасавання лімітаў на вытворчасць малака, цана яго скупу часта была ніжэйшая, чым кошт яго вытворчасці, піша „Польскае радыё„.
Міністэрства сельскай гаспадаркі назвала сёння ўмовы атрымання дапамогі. Падтрымку атрымаюць тыя, хто не перакрочыў свой малочны ліміт у апошнім сезоне. Пра гэта паведаміў міністр Марэк Савіцкі. У першай чарговасці датацыі трапяць да вытворцаў малака з лімітам ад 15 да 250 тысяч кілаграмаў. На дапамогу могуць таксама разлічваць і буйнейшыя вытворцы, да першых 250 тысяч кілаграмаў малака.
Дапамогу ЕС можна было прызначыць таксама на падтрымку іншых сектараў, напрыклад вытворцаў свініны. Але Міністэрства сельскай гаспадаркі прыняло рашэнне ўсе сродкі накіраваць на падтрымку вытворцаў малака.
“Няма чаго хаваць, што гэтых грошай недастаткова, каб дапамгчы і ім, але мы не хацелі у чарговы раз дзяліць гэтыя грошы, хаця мы разумеем, што і ў вытворцаў свініны таксама сур’ёзныя праблемы” – сказаў міністр Савіцкі.
Польшча знаходзіцца на пятым месцы па аб’ёме атрыманай з Еўразвязу дапамогі. У два разы большую суму атрымалі немцы, нязначна менш французы.