ЕЗ пераразмяркуе 135 млн еўра, што прызначаліся на праграмы з Беларуссю і Расеяй



Еўракамісія аддасць сродкі, якія планавалася выдаткаваць на праекты з Беларуссю і Расеяй у рамках праграм Interreg у 2021-2027 гадах, на праграмы для Украіны і Малдовы. Размова ідзе пра 135 млн еўра, паведамляе Еўракамісія.

«Вырак скасаваць супрацу з Расеяй і Беларуссю ў праграмах Interreg ёсць вынікам брутальнай вайны Расеі супраць Украіны. Сродкі, што спярша планавалі на гэтае супрацу, зараз пойдуць на праграмы ЕЗ з Украінай і Малдовай. Гэта дапаможа ўмацаваць супрацу паміж рэгіёнамі ЕЗ і зацікаўленымі бакамі ва Украіне і Малдове», – заявіла камісар па згуртаванні і рэформам Эліза Фэрэйра.

Сродкі будуць выдаткаваны на праекты развіцця трансгранічных транспартных сувязяў, ахову здароўя, адукацыйны і даследчыя праекты, а таксама на ўмацаванне інстытуцыйнага патэнцыялу органаў дзяржаўнай улады Украіны і Малдовы.

Беларускае Радыё Рацыя