„Еўрагандаль” зняпраўджвае інфармацыю пра магчымую куплю сеткі расейскім рытэйлерам



ТАА „Еўрагандаль” зняпраўджвае інфармацыю, якая з’явілася ў некаторых СМІ і тэлеграм-каналах, пра магчымую куплю сеткі расейскім рытэйлерам „Магніт”.

„Мы не вядзем ніякіх перамоваў на тэму продажу сеткі нашых крамаў, і чуткі на гэтую тэму не адпавядаюць рэчаіснасці”, — гаворыцца ў каментары прэс-службы „Еўрагандлю”.

„Кампанія арганічна развіваецца і мае ўстойлівае фінансавае становішча, што пацвярджаецца ацэнкай міжнародных рэйтынгавых агенцтваў. Мы ўмацоўваем наша лідарства ў сектары харчовага рытэйлу Беларусі, працягваючы пашырацца ў адпаведнасці з нашай стратэгіяй мультыфарматнага рытэйлера і плануем, што ў верасні 2021 года сетка будзе налічваць больш за тысячу крамаў”, — адзначае прэс-служба.

„Еўрагандлю” належыць найбуйнейшая раздробная сетка Беларусі „Еўраопт”. Ва ўсіх рэгіёнах краіны сёння налічваецца больш за 900 гандлёвых аб’ектаў „Еўраопт”, „Хіт!” і „Грошык”. З іх каля 180 магазінаў размешчаныя ў сельскай мясцовасці. Таксама працуе анлайн-гіпермаркет „Е-дастаўка”. Кожны дзень пакупкі ў крамах „Еўраопт” здзяйсняе каля мільёна беларусаў.

„Магніт” з’яўляецца адной з вядучых рознічных сетак у Расеі па гандлі прадуктамі харчавання, лідарам па колькасці магазінаў і геаграфіі іх размяшчэння. Кампанія прадстаўленая больш чым у 3.800 населеных пунктах, штодня крамы „Магніта” наведваюць амаль 13 млн чалавек. „Магніт” працуе па мультыфарматнай мадэлі, якая ўключае ў сябе крамы ля дома, супермаркеты, аптэкі і дрогеры. На 30 чэрвеня 2021 года кампанія налічвала 22.344 гандлёвыя кропкі ў 66 рэгіёнах Расеі.

belapan.by