„Еўрагандаль” збіраецца пазычыць у Расеі яшчэ 5 млрд рублёў



Кампанія „Еўрагандаль”, уладальнік найбуйнейшай сеткі прадуктовых крам Беларусі, мае намер 30 верасня размясціць дадатковы выпуск аблігацый на расейскім рынку.

У паведамленні кампаніі „Рытэйл Бел Фінанс” (даччыная структура „Еўрагандлю” ў Расеі) гаворыцца, што з дапамогай размяшчэння дадатковага выпуску аблігацый кампанія мае намер прыцягнуць у Расеі 5 млрд расейскіх рублёў. Тэрмін размяшчэння аблігацый — 10 гадоў.

Збор заявак інвестараў для размяшчэння аблігацый „Еўрагандаль” праз сваю расейскую „дачку” мае намер пачаць 26 верасня.

У гэтым годзе „Еўрагандаль” ужо некалькі разоў прыцягваў запазычанні на расейскім рынку. Так, у жніўні кампанія падпісала дамову аб прыцягненні сіндыкаванага крэдыту на 3,5 млрд расейскіх рублёў. „Гэта здзелка з’яўляецца чарговым важным крокам у дыверсіфікацыі крыніц фінансавання і аптымізацыі пазыковага профілю кампаніі. Прыцягнутыя сродкі будуць накіраваны на рэфінансаванне існуючай запазычанасці і дазволяць павялічыць тэрміновасць пазыковага партфеля”, — пракаментаваў прыцягненне крэдыту генеральны дырэктар „Еўрагандля” Андрэй Зубкоў.

У ліпені рытэйлер прыцягнуў на расійскім рынку шляхам размяшчэння аблігацый 5 млрд рублёў пад 10,95% гадавых.

„Еўрагандаль” — найбуйнейшы харчовы рытэйлер Беларусі, на долю якога прыпадае каля 19% рынку. Бізнес кампаніі быў запушчаны ў 1993 годзе. „Еўрагандаль” кіруе 627 крамамі розных фарматаў (гіпермаркеты, супермаркеты і крамы „каля дома”) пад брэндамі „Еўраопт” і „Бруснічка”. Штодня крамы сеткі абслугоўваюць каля 900 тыс. кліентаў у 143 населеных пунктах Беларусі.

belapan.by