Еўракамісія запатрабуе правядзення стрэс-тэстаў на БелАЭС



Еўракамісія запатрабуе правядзення стрэс-тэстаў на Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, і мае намер не рабіць ніякіх выключэнняў.

Па словах літоўскага міністра энергетыкі Жыгімантаса Вайчунаса, у гэтым яго запэўнілі прадстаўнікі Еўракамісіі. Па яго словах, калі Беларусь не правядзе стрэс-тэсты, якія паказваюць, ці можа атамная станцыя вытрымаць аварыі, і ці з’яўляецца яна бяспечнай, тады яна будзе рызыкаваць тым, што дыялог з Еўразвязам можа быць і не адноўлены. Вайчунас патлумачыў, што пацяпленне ў адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ будзе залежаць і ад таго, як будзе праводзіцца ў жыццё праект БелАЭС.

Літва патрабуе правядзення выпрабаванняў надзейнасці АЭС у неспрыяльных умовах яе працы па методыцы ЕЗ. Беларусь сцвярджае, што будаўніцтва станцыі бяспечна, што яна правяла стрэс-тэсты і вясной прадаставіць Еўракамісіі неабходныя дакументы.