„Еўраопт” выпусціў валютныя аблігацыі на 10 млн долараў
Закрытае акцыянернае таварыства „Еўраопт” абвясціла пра два выпускі валютных аблігацый. Кампанія плануе пазычыць у фізічных асоб і юрыдычных асоб 10 млн долараў.
ЗАТ „Еўраопт” (афіляваная кампанія аднайменнай рознічнай сеткі) займаецца, як сказана ў дакументацыі аб выпуску аблігацый, здачай унаймы ўласнай і арандаванай маёмасці, а таксама вытворчасцю электраэнергіі цеплавымі падстанцыямі.
Згодна з матэрыяламі кампаніі, аблігацыі будуць размяшчацца праз адкрыты продаж юрыдычным і фізічным асобам. Юрыдычныя асобы змогуць купіць аблігацыі ў гандлёвай сістэме Беларускай валютна-фондавай біржы, фізасобы — у інтэрнэт-банкінгу „Беларусбанка”.
Аблігацыі пятага і шостага выпуску размяшчаюцца тэрмінам на пяць гадоў (тэрмін пагашэння — студзень 2024 года). Па двух выпусках устаноўлена фіксаваная працэнтная стаўка (6,2% гадавых). Намінал адной аблігацыі — 500 долараў, аб’ём эмісіі двух выпускаў аблігацый у сукупнасці — 20 тысяч штук.
Варта адзначыць, што 19 снежня 2018 года Нацыянальны банк прыняў рашэнне пра забарону выпуску з 1 сакавіка 2019 года карпаратыўных валютных аблігацый. Гэта рашэнне прынята ў мэтах дэдаларызацыі эканомікі.
Разам з тым эксперты звяртаюць увагу, што з 1 сакавіка права выпуску валютных аблігацый захаваецца за Мінфінам і Нацбанкам.
„У нас цяпер збіраюцца цалкам забараніць карпаратыўныя валютныя аблігацыі, але пакінуць права іх эмісіі Мінфіну і Нацбанку. Гэта выглядае як манаполія дзяржавы на ўнутраныя валютныя запазычанні”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Волат Капітал” Сяргей Муханаў.
Фота: FreeSMI.by