Еўрапарламент заклікаў адключыць Беларусь ад SWIFT



Еўрапарламент заклікае Раду ЕЗ увесці новыя індывідуальныя і сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў праекце рэзалюцыі, па якой сёння,  10 чэрвеня,  адбудзецца галасаванне.

Сярод іншага ў дакуменце ідзе гаворка пра неабходнасць тэрмінова прывесці ў выкананне чацвёрты пакет санкцый, які ўключае асоб, «датычных да электаральных махінацый і парушэння правоў чалавека», суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні і прыцягненні да адказнасці апазіцыянераў. Асобна аўтары рэзалюцыі заклікалі ўвесці санкцыі супраць тэлежурналіста Марата Маркава, які браў інтэрв’ю ў палітвязня Рамана Пратасевіча. Таксама прапануецца ўвесці сектаральныя санкцыі, «якія закранаюць гандаль сырой нафтай і нафтавымі прадуктамі, калійную, сталеліцейную і дрэваапрацоўчую прамысловасць».

Акрамя таго, аўтары рэзалюцыі заклікаюць спыніць супрацоўніцтва і фінансаванне беларускіх дзяржаўных банкаў і абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў для дачынных банкаў у Беларусі, а таксама разгледзець пытанне аб часовым выключэнні Беларусі з сістэмы SWIFT.

Еўрадэпутаты выступілі за прыпыненне сяброўства Беларусі ў міжнародных спартыўных арганізацыях і абмежаванне доступу зборнай краіны на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку Алімпійскія Гульні ў Токіа. Таксама яны выказаліся за пазбаўленне беларускае дзяржтэлевізіі правоў на трансляцыю матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе і бязвыплатную перадачу гэтых правоў «Белсату».

Беларускае Радыё Рацыя