Еўрапейскі інвестбанк можа выдзеліць Беларусі 110 млн еўра



Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) абмяркоўвае магчымасць рэалізацыі першага інфраструктурнага праекта на тэрыторыі Беларусі і можа выдзеліць на яго рэалізацыю 110 млн еўра.

„Праект складаецца з рэканструкцыі магістралі М6 ад Менска да польскай мяжы (фінансуецца Сусветным банкам) і аўтамагістралі М7 ад Менска да літоўскай мяжы (рэканструкцыя якой можа быць прафінансаваная Еўрапейскім інвестыцыйным банкам)”, — гаворыцца ў праектнай інфармацыі, якую апублікаваў банк.

Фінансаванне банка, удакладняе ЕІБ, таксама можа пакрыць інвестыцыі ў стварэнне памежнай інфраструктуры ў пункце пропуску „Каменны Лог”. Мяркуецца, што агульны аб’ём сродкаў, якія будуць выдзеленыя на гэты праект, складзе 330 млн еўра, у тым ліку Еўрапейскі інвестыцыйны банк можа даць 110 млн еўра.

„Крэдыт накіраваны на паляпшэнне якасці дарогі, павелічэнне прапускной здольнасці, стварэнне больш бяспечных дарожных умоў і скарачэнне забруджвання і выкідаў”, – гаворыцца ў паведамленні ЕІБ.

Пры гэтым банк удакладняе, што гэта папярэднія планы, праект патрабуе шэрагу ўзгадненняў, пасля чаго ён можа быць зацверджаны саветам дырэктараў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

Як паведамлялася, у чэрвені гэтага года Палата прадстаўнікоў ратыфікавала рамачнае пагадненне паміж Беларуссю і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Яно прадугледжвае, што ЕІБ можа падаваць фінансаванне ў выглядзе крэдытаў, гарантый або іншых фінансавых інструментаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвестыцыйныя праекты, цікавыя для Беларусі.

Як паведаміў журналістам першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, ЕІБ прапануе „камфортныя ўмовы фінансавання”. Так, крэдыты выдзяляюцца на тэрмін да 25 гадоў з мараторыем на выплаты па асноўным доўгу да пяці гадоў і стаўкай ад 1 да 3% гадавых. „З улікам доларавай інфляцыі гэта не зусім бясплатныя грошы, але вельмі камфортныя па выплатах”, — падкрэсліваў Крутой, размаўляючы з журналістамі ў чэрвені гэтага года.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк быў заснаваны ў 1958 годзе як банк Еўрасаюза. Ён знаходзіцца ва ўласнасці 28 дзяржаў — членаў ЕС. Банк падае фінансавыя сродкі, тэхнічныя веды і вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыццяздольных праектаў у Еўропе і за яе межамі.

belapan.by