Еўрапейскі інвестбанк падтрымае рэформы ў Беларусі
Еўрапейскі інвестыцыйны банк гатовы аказаць падтрымку Беларусі ў выпадку рэалізацыі структурных рэформаў у краіне, паведаміў віцэ-прэзідэнт банка Вазіл Худак на прэс-канферэнцыі ў Менску 24 ліпеня.
Паводле слоў Худака, напярэдадні ў яго адбылася сустрэча са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўлам Калаурам, падчас якой уздымалася тэма перспектыў нацыянальнай эканомікі. „Ён звярнуў увагу, што эканамічны рост у краіне дасягнуў патэнцыялу, і каб развівацца хутчэй, чым на 2,5-2,8% за год, неабходна пайсці на структурныя змены або рэформы”, — сказаў віцэ-прэзідэнт ЕІБ.
Вазіл Худак падкрэсліў, што многія структурныя змены, рэалізаваныя ў Еўропе, былі „дастаткова балючымі”.
„Я сам у свой час узначальваў Міністэрства эканомікі Славакіі і памятаю, як няпроста нам даваліся рашэнні ў дачыненні да людзей. Нікому не падабаецца, калі растуць цэны на энергарэсурсы, на ацяпленне і транспартныя паслугі, але мы вымушаныя былі гэта рабіць”, — сказаў Худак.
Ён паведаміў, што ЕІБ гатовы падтрымаць рэалізацыю структурных рэформаў у Беларусі. „Вядома, мы разумеем, што структурныя рэформы маюць пад сабой суверэннае рашэнне Беларусі. Са свайго боку мы гатовыя аказаць у выпадку неабходнасці падтрымку для рэалізацыі такіх рэформаў. Мы гатовыя даць экспертны вопыт Еўрасаюза па гэтым пытанні”, — адзначыў Худак.
Ён таксама дадаў, што эксперты банка гатовы падзяліцца з Беларуссю вопытам, як можна дзякуючы рэформам павысіць прадукцыйнасць працы.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці гатовы ЕІБ нароўні з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця ўдзельнічаць у падрыхтоўцы беларускіх дзяржкампаній да прыватызацыі, Худак зазначыў, што мандат у гэтых міжнародных фінансавых арганізацый некалькі адрозніваецца.
„У адрозненне ад ЕБРР, мы не можам браць удзел у капітале прадпрыемства, якое рыхтуецца да прыватызацыі. Але мы можам аказваць падтрымку ў выглядзе тэхнічнай дапамогі, экспертнай падтрымкі для працы ў дзяржаўным сектары”, — растлумачыў прадстаўнік ЕІБ.
Фота: www.atlanticcouncil.or