Еўрапейскія эксперты пачынаюць праверку БелАЭС



Міністры энергетыкі краін ЕЗ абмеркавалі пытанне бяспекі Беларускай АЭС у Астраўцы. З 14 па 22 снежня эксперты ENSREG і Еўракамісіі правераць, ці выканаў Менск рэкамендацыі Бруселя.

Еўрапейскія эксперты пачынаюць праверку, як на Беларускай АЭС (БелАЭС) у Астраўцы выканалі рэкамендацыі Еўрасаюза па ядзернай бяспецы, перадае карэспандэнт DW. Іх місія пройдзе з 14 па 22 снежня, паведаміла на прэс-канферэнцыі па выніках віртуальнага пасяджэння міністраў энергетыкі краін ЕЗ у панядзелак, 14 снежня, еўракамісар па энергетыцы Кадры Сімсан.

„Мой заклік застаецца ранейшым: ​​экспертная ацэнка АЭС у Астраўцы павінна быць завершана як мага хутчэй. І ў працэсе ўвядзення электрастанцыі ў эксплуатацыю павінны быць забяспечаны вышэйшыя стандарты бяспекі”, — падкрэсліла Сімсан. Місія пройдзе ў гібрыдным фармаце: 14-15 снежня эксперты Еўрапейскай групы па рэгуляванні ядзернай бяспекі (ENREG) і Еўрапейскай камісіі правядуць перамовы з беларускім бокам у фармаце відэаканферэнцыі. Пасля гэтага яны павінны наведаць БелАЭС „для праверкі інфармацыі, прадстаўленай ім Беларуссю”, дадала Кадры Сімсан. Паводле яе слоў, эксперты гатовыя ехаць у краіну, нягледзячы на ​​абмежаванні на паездкі, уведзеныя з-за пандэміі каронавіруса.

„Я шмат разоў казала, што меры павінны быць прыняты (беларускім бокам. — Рэд.) да пачатку камерцыйнай эксплуатацыі АЭС у Астраўцы. Усе рэкамендацыі павінны быць імплементаваныя без прамаруджвання”, — дадала еўракамісар. ENREG унесла свае рэкамендацыі па забеспячэнні ядзернай бяспекі на БелАЭС па выніках стрэс-тэсту ў 2018 годзе. На іх падставе Беларусь падрыхтавала Нацыянальны план дзеянняў.

Кадры Сімсан дадала, што па просьбе саміту ЕЗ Еўракамісія вывучыць, як прадухіліць камерцыйны імпарт электраэнергіі з БелАЭС у трэція краіны, якія не адпавядаюць стандартам ЕЗ. Паводле яе слоў, гэта рашэнне будзе сапраўднае і для іншых АЭС, якія будуюць або будуць будаваць каля межаў з ЕЗ. Адказваць на пытанне, ці будзе Еўракамісія распрацоўваць гэтыя меры, калі місія пакажа, што Беларусь выканала ўсе рэкамендацыі, пры гэтым еўракамісар адмовілася, заявіўшы, што не хоча спекуляваць з нагоды вынікаў місіі ENSREG. „Усё залежыць ад візіту”, — дадала яна і ўдакладніла, што вынікі працы экспертаў будуць апублікаваныя ў пачатку 2021 года.

dw.com