„Еўраторг” пацвердзіў размяшчэнне акцый на Лонданскай фондавай біржы



Найбуйнейшы беларускі прадуктовы рытэйлер „Еўраторг” плануе размясціць акцыі на Лонданскай фондавай біржы, паведамілі БелаПАН у кампаніі. У ходзе IPO плануецца прыцягнуць 200 млн долараў.

У рамках першаснага публічнага размяшчэння акцый (IPO) будуць выпушчаныя глабальныя дэпазітарныя распіскі (ГДР), якія даюць права ўласнасці на звычайныя акцыі. Шляхам IPO ў кампанію плануецца прыцягнуць каля 200 млн долараў. Будзе таксама праведзены частковы продаж ГДР асноўнымі акцыянерамі кампаніі — Уладзімірам Васількам, Сяргеем Літвіным, Аляксандрам Літвіным і Андрэем Зубковым. Чакаецца, што па выніках размяшчэння асноўныя акцыянеры захаваюць кантрольны пакет акцый кампаніі.

Напярэдадні Financial Times са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што ў ходзе IPO „Еўраторг” можа быць ацэнены ў 1 млрд долараў.

У самой кампаніі гэту інфармацыю пракаментавалі так: „Што тычыцца ацэнкі „Еўраторга”, то гэта вырашыць рынак. Кошт акцый будзе вызначаны падчас працэсу IPO”.

Як паведамляе „Еўраторг”, згодна са стратэгіяй зніжэння пазыковай нагрузкі і валютных рызык прыцягнутыя сродкі плануецца накіраваць на частковае пагашэнне запазычанасці групы, намінаванай у замежнай валюце. На канец чэрвеня гэтага года доўг кампаніі склаў 1,28 рублёў. Доля абавязацельстваў у замежнай валюце — 77%.

Восенню 2017 года „Еўраторг” размясціў дэбютны выпуск еўрааблігацый на суму 350 млн долараў на пяць гадоў і стаў першым у гісторыі Беларусі эмітэнтам, які ажыццявіў выпуск карпаратыўных еўрабондаў. Згодна з умовамі размяшчэння, пагашэнне пяцігадовага выпуску даўгавых папер павінна адбыцца ў кастрычніку 2022 года. Пазыковыя рэсурсы „Еўраторг” прыцягнуў па стаўцы 8,75%.

„Еўраторг” — найбуйнейшы харчовы рытэйлер у Беларусі з 19-працэнтнай доляй рынку рознічнага гандлю прадуктамі харчавання ў 2017 годзе. Па стане на канец чэрвеня гэтага года „Еўраторг” кіраваў 627 крамамі ў 225 населеных пунктах Беларусі пад брэндамі „Еўраопт” і „Бруснічка”.

Кампанія таксама з`яўляецца першым у Беларусі гульцом, які актыўна развівае сучасныя фарматы па ўсёй краіне, і першай, хто рэалізаваў буйныя eCommerce праекты па дастаўцы прадуктаў харчавання. Нароўні з развітым афлайн-бізнесам „Еўраторг” кіруе двума анлайн-сэрвісамі па дастаўцы прадуктаў харчавання: e-dostavka.by і gipermall.by. У 2018 годзе група таксама запусціла сетку магазінаў па продажы парфумерна-касметычнай прадукцыі „Магія”.

За шэсць месяцаў 2018 года выручка кампаніі павялічылася на 14,9% і склала 2,18 млрд рублёў. Выручка ў валюце павялічылася на 9,6% — да 1,1 млрд долараў. Скарэкціраваны паказчык EBITDA год да года вырас на 7,3% і дасягнуў 195,7 млн рублёў (98,4 млн долараў). Рэнтабельнасць па EBITDA засталася на ўзроўні 9%.

Рашэнне размясціць акцыі на Лонданскай фондавай біржы стала „наступным крокам у развіцці кампаніі пасля паспяховага дэбютнага выпуску еўрааблігацый у кастрычніку 2017 года, які фактычна адкрыў міжнародныя рынкі капіталу для карпаратыўных пазычальнікаў з Беларусі”, адзначае генеральны дырэктар „Еўраторга” Андрэй Зубкоў.

belapan.by

Фота Myfin.by