Еўразійская валюта супраць валютнага крызіса?
Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што ўсе праекты па стварэнні еўразійскай валюты праваляцца.
Дырэктар аналітычнага дэпартамента форэкс-брокера Альпары” Аляксандр Разуваеў лічыць, што лепшым фінансавым адказам на валютны крызіс з’яўляецца больш хуткая эканамічная інтэграцыя, і, перш за ўсё, увядзенне адзінай еўразійскай валюты, пішуць naviny.by.
“Плюсаў ад пераходу на адзіную еўразійскую валюту дастаткова, – кажа ён. – Грамадзяне і прадпрыемствы не будуць страчваць на абмене валют і банкаўскіх камісійных. Натуральна, кампаніі не будуць браць на сябе валютныя рызыкі, што асабліва важна для ўзаемнага гандлю паміж краінамі”.
Барыс Жаліба: Я лічу, што ў бліжэйшай перспектыве ўвядзенне еўразійскай валюты немагчыма, паколькі, каб дайсці да гэтага, неабходна зрабіць агромністую працу ў эканоміках краін, як гэта ў свой час было ў дзяржавах, якія затым увайшлі ў зону еўра. Гэта работа датычыцца і уніфікацыі гаспадарчага заканадаўства, бюджэтаў, іншых фактараў. Па-другое, для такіх краін, як Беларусь, якая мае самую маленькую эканоміку ў параўнанні з Расеяй і тым жа Казахстанам, адзіная валюта азначае страту эканамічнага суверэнітэта. Расейская эканоміка нас проста паглыне. І, улічваючы, што масштабы эканомік нельга нават параўноўваць, Расеі прасцей, каб Беларусь проста перайшла на расейскі рубель – без усялякіх трэціх валют. Але Беларусі трэба трымацца сваёй валюты. Тады будзе нейкая самастойнасць і дзяржаўны суверэнітэт.
РР: А Казахстан ці будзе выступаць супраць еўразійскай валюты?
Барыс Жаліба: Мяркую, што будзе, бо Назарбаеў таксама думае пра свой суверэнітэт. Трэба ўлічваць характар лідараў Казахстана і Беларусі. Яны па сваёй натуры баяцца страціць сваё лідарства ў сваіх краінах, таму нейкія праекты па стварэнні еўразійскай валюты не знойдуць у іх падтрымкі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя