Еўразвяз мае ўвесці адрасныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі



Беларусы змагаюцца за ўвядзенне жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэтай пазіцыі прытрымліваецца ў прыватнасці каманда Святланы Ціханоўскай.

Так, на думку дарадцы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алеся Аляхновіча, рэжым Лукашэнкі ўжо перакрочыў “чырвоную лінію”:

– У самыя бліжэйшыя дні будзе агучаны чацвёрты пакет санкцый супраць рэжыму. Ён павінен ужо закранаць не толькі персанальныя санкцыі, але і санкцыі супраць важных дзяржаўных прадпрыемстваў. Магчыма, таксама будуць абяцанні альбо і сапраўдныя дзеянні супраць цэлых сектараў беларускай эканомікі. Напрыклад, эмбарга на пастаўку нафтапрадуктаў, на пастаўку калійных угнаенняў, металаў, драўніны. Гэта вельмі важныя сектары для беларускай эканомікі. І без іх гэта будзе ствараць сапраўдны ціск на рэжым.

Дарадца Ціханоўскай па замежных справах Валерый Кавалеўскі адказвае на аргумент праціўнікаў санкцый, што яны могуць зруйнаваць эканоміку Беларусі:

–  Самае важнае ўсё ж такі – гэта нашы людзі, без якіх дакладна не будзе краіны. Нават калі там будуць самыя лепшыя прадпрыемствы стаяць, самае важнае захаваць і абараніць людзей. Таму тыя санкцыі, пра якія мы кажам, мы заўсёды ставім за мэту – санкцыі павінны прывесці да вызвалення палітзняволеных. Гэта самая галоўная мэта.

Учора прадстаўнік Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы ў Еўрапейскім парламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, адзначыў, што новыя адрасныя санкцыі Еўразвязу закрануць крытычныя галіны беларускай эканомікі. Ухваленне санкцый плануецца 21 чэрвеня на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў Еўразвязу.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя