Еўразвяз дзеля рэгіянальнага развіцця ў Беларусі выдаткоўвае 8 млн еўра



Еўразвяз сумесна з ПРААН рэалізуе праект па падтрымцы рэгіянальнага развіцця ў Беларусі на 8 млн еўра. Адпаведнае пагадненне з Міністэрствам эканомікі падпісана 13 лістапада ў Менску ў межах Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі.

Як нагадаў журналістам пасля цырымоніі міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, нядаўна была прынята праграма дзеянняў урада да 2020 года, у якой асаблівая ўвага нададзена рэгіянальнаму эканамічнаму развіццю. „Гэты праект стане добрай крыніцай фінансавання ўсіх ініцыятыў урада на мясцовым узроўні. Вядома, грошы, прадугледжаныя гэтым праектам, у маштабах краіны не вельмі вялікія, але для 12 рэгіёнаў, якія будуць адабраныя на конкурснай аснове, гэта значныя фінансавыя рэсурсы — 8 млн еўра на тры гады”, — адзначыў ён.

Крутой паведаміў, што ПРААН можа працягнуць рэалізацыю гэтага праекта праз два-тры гады, дадаўшы і іншыя раёны краіны, павялічыўшы бюджэт фінансавання.

Паводле слоў міністра, будуць адабраны рэгіянальныя праекты з любых сфер дзейнасці. „Мы дамовіліся, што будзе па два найбольш праблемныя раёны ад кожнай вобласці. Галоўны прынцып — больш высокая акупнасць праектаў. Сфера вытворчасці з высокапрадукцыйнымі месцамі — прыярытэт нумар адзін”, — растлумачыў Крутой.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі Андрэа Віктарын лічыць, што „гэта вельмі важны праект”. „Мы рады, што як ААН, так і ЕЗ падпісалі гэты праект, і працяглы этап яго падрыхтоўкі скончыўся”, — сказала яна.

Віктарын падкрэсліла, што з 2009 года ЕЗ выдаткаваў 24 млн еўра на падтрымку эканамічнага развіцця ў Беларусі. „Самым сэрцам гэтага супрацоўніцтва была падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў, бізнес-інкубатараў і прадпрыемстваў, якія займаюцца сацыяльна важнымі праектамі”, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва.

„Мы спадзяемся, што ў выніку гэтай працы зменіцца сам менталітэт у Беларусі. Разам мы распрацоўваем стратэгію падтрымкі малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Але таксама вельмі важна актывізаваць працу ў рэгіёнах, паколькі існуе вялікі разрыў паміж вялікімі гарадамі і сельскай мясцовасцю, малымі гарадамі. Неабходна прымаць меры, каб ствараліся новыя працоўныя месцы, забяспечваўся эканамічны рост і развівалася тое, што мы называем інклюзіўным”, — падкрэсліла Віктарын.

Яна паведаміла, што будзе падтрымана 200 ініцыятыў у 12 раёнах усіх абласцей краіны. „Гэта паказвае на вялікі прагрэс, якога мы змаглі дамагчыся разам, паколькі беларускія ўлады гэта самі разумеюць”, — сказала дыпламат.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Беларусі Яанна Казана-Вішнявецкі адзначыла, што развіццё рэгіёнаў з’яўляецца адным з прыярытэтаў у Беларусі. „Сёння мы падпісалі праект з Міністэрствам эканомікі. Праект фінансуецца Еўразвязам, і ён заснаваны на партнёрскіх умовах. Эканамічнае развіццё — гэтая аснова ўстойлівага развіцця, каб усе мелі магчымасць працаваць з карысцю для сям’і, свайго горада, свайго месца пражывання. Праект дазволіць ствараць новыя працоўныя месца на мясцовым узроўні ў невялікіх гарадах”, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва.

Паводле яе слоў, праект дазволіць ствараць бізнес-інкубатары, якія будуць больш даступнымі для прадпрымальнікаў малых гарадоў і сельскай мясцовасці. „Мы рэалізуем гэты праект на аснове добрага вопыту, атрыманага ў ходзе праграмы ААН па падтрымцы мясцовага развіцця — больш за 80 мясцовых ініцыятыў”, — патлумачыла Казана-Вішнявецкі.

Яна спадзяецца, што новы праект станоўча паўплывае на ўстойлівае развіццё, развіццё прадпрымальніцтва і дапаможа рэалізаваць мерапрыемствы ў рамках ініцыятывы „Малая радзіма”.

belapan.by