Еўразвяз узгадніў столь цэнаў на нафтапрадукты з Расеі
Краіны Еўразвязу дамовіліся ўвесці столь цэнаў на нафтапрадукты з Расеі. Пра гэта са спасылкай на шведскіх дыпламатаў піша Reuters.
Столь цэнаў пачне дзейнічаць 5 лютага. Гэта азначае, што краіны G7 і Еўразвяз будуць надаваць страхавыя і фінансавыя паслугі, звязаныя з расейскімі нафтапрадуктамі, толькі ў выпадку, калі іх закупілі па лімітавай цане ці ніжэй. У апошнія месяцы цэны на бензін і дызельнае паліва з Расеі трымаліся вышэй за 100 даляраў за барэль,
У снежні 2022 года пачала дзейнічаць столь коштаў у 60 даляраў за барэль на расейскую нафту, якая экспартуецца па моры. У адказ на гэта прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін забараніў продаж расейскай нафты і нафтапрадуктаў краінам, якія пагадзіліся са столлю цэнаў.
Аналітыкі адзначаюць, што пасля ўвядзення столі цэнаў экспарт расейскай нафты значна знізіўся. Цяпер нафта расейскай маркі Urals на сусветным рынку гандлюецца крыху ніжэй за столь.
Беларускае Радыё Рацыя