Еўразвяз выдзеліць амаль 4 млн еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі



Еўрапейскі звяз выдзеліць 3,9 млн еўра ў межах праекта „Узаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”.

Як паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын на прэзентацыі праекта 22 лютага ў Менску, ён рэалізуецца ў рамках прынятай у верасні мінулага года дарожнай карты па ўзаемадзеянні Еўразвяза з беларускай грамадзянскай супольнасцю да 2020 года.

Паводле слоў Віктарын, гранты будуць выдзяляць грамадскім арганізацыям на конкурснай аснове, магчымае сумеснае фінансаванне праектаў іншымі арганізацыямі, а таксама мясцовымі органамі ўлады.

Дыпламат падкрэсліла, што ЕЗ пры выдзяленні сродкаў прытрымліваецца прынцыпу падтрымкі вяршэнства закона, дэмакратыі і правоў чалавека. „Але гэта ваша рашэнне — грамадзянскай супольнасці, насельніцтва і мясцовых органаў кіравання, — якім чынам вы будзеце будаваць вашу краіну”, — дадала яна.

Віктарын заявіла, што ў ЕЗ настроены на доўгатэрміновае супрацоўніцтва з уладамі і грамадскімі арганізацыямі. „Важна, каб мы будавалі супрацу як з рэспубліканскімі, так і мясцовымі органамі ўлады”, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва.

Яна ўдакладніла, што праекты, якія атрымліваюць падтрымку, будуць спрыяць рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця.

За апошнія дзесяць гадоў, удакладніла Віктарын, ЕЗ выдзеліў на падтрымку грамадзянскай супольнасці, у тым ліку на мясцовым узроўні, больш за 40 млн еўра. Гаворка ідзе пра такія сферы, як экалогія і ахова навакольнага асяроддзя, энергетыка, развіццё прыватнага сектара эканомікі, адукацыя, рэгіянальнае развіццё.

„Вельмі важна, што сітуацыя мяняецца. Важна, каб мясцовыя ўлады і грамадзянская супольнасць рабілі гэта разам, а не ва ўмовах супрацьстаяння, — падкрэсліла дыпламат. — Калі я езджу па краіне і бачу вынікі выдзялення малых грантаў, мяне вельмі ўражвае рэалізацыя і добры дух гэтых праектаў. Гэта аб’ядноўвае людзей”.

Яна адзначыла, што ў прадстаўніцтве ЕЗ разумеюць складанасць умоў, у якіх працуюць беларускія грамадскія арганізацыі. „Мы маем намер працягнуць падтрымку вас у будучыні”, — сказала на заканчэнне Віктарын.

БелаПАН