Еўразвяз выдзеліць Беларусі 7,7 млн еўра



Еўрапейскі звяз і Праграма развіцця ААН пачынаюць новы праект, разлічаны на тры гады і скіраваны на падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў у 12 раёнах Беларусі.

Адной з задач ініцыятывы з’яўляецца стымуляванне сацыяльнага прадпрымальніцтва і павелічэнне долі сацыяльных прадпрыемстваў у эканоміцы краіны на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўні, паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі.

Як сказалі БелаПАН у прадстаўніцтве ЕЗ, агульны бюджэт праекта складае 8 млн еўра. ЕЗ дае 7,7 млн, ПРААН — 0,3 млн еўра. Прыблізна 5,5 млн еўра будуць выдзяляцца ў выглядзе прамых грантаў для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, бізнес-інкубатараў, падтрымкі новых кампаній, мікрафінансавання.

„Еўрапейскі саюз працягвае пашыраць падтрымку мясцовага эканамічнага развіцця ў Беларусі і надае асаблівую ўвагу стварэнню новых працоўных месцаў, развіццю прыватнага бізнесу і сацыяльнага прадпрымальніцтва, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын. — У межах новага праекта мы плануем выдзяліць гранты для 200 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама сацыяльна арыентаванага бізнесу і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый, якія хочуць палепшыць умовы жыцця ў рэгіёнах праз укараненне новых формаў бізнесу, аказанне мясцоваму насельніцтву сацыяльна значных паслуг. Наша мэта — падтрымаць ініцыятыву людзей і паказаць, што нават малыя праекты могуць істотна паўплываць на паляпшэнне жыцця ў рэгіёнах і краіне ў цэлым”.

Дзейнасць праекта падтрымлівае мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы „Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь” на 2016—2020 гады і выкарыстоўвае яе магчымасці для сумяшчэння стратэгій бізнесу і сацыяльнага развіцця раёнаў.

Праект будзе садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, а таксама акажа інфармацыйную і юрыдычную падтрымку малому і сярэдняму бізнесу, уключаючы магчымасці крэдытавання.

Праект „Мясцовае эканамічнае развіццё ў Беларусі” фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі.

БелаПАН