Еўразвяз выдзеліў 5,5 млн еўра на прыродаахоўныя і турыстычныя праекты



Еўразвяз у межах праграмы Еўрапейскага інструмента добрасуседства выдзеліў 5,5 млн еўра на рэалізацыю сумесных прыродаахоўных праектаў Беларусі, Польшчы і Украіны.

Як паведамляе сакратарыят праграмы трансмежавага супрацоўніцтва „Польшча — Беларусь — Украіна”, у пачатку студзеня ў польскім Беластоку падпісаныя грантавыя кантракты на праекты, якія будуць рэалізаваныя да 2020 года. Усе праекты выйгралі гранты ў рамках тэматычнай мэты „Спадчына”.

Першы праект — „Рака Буг нас аб’ядноўвае” — прадугледжвае стварэнне двух трансмежавых турыстычных маршрутаў на байдарках. На гэтыя мэты выдзелена 1,28 млн еўра. Праект будзе рэалізаваны ў трохбаковым партнёрстве, дзе вядучым бенефіцыярам з’яўляецца гміна Драгічын, партнёрам ва Украіне — Сокальскі раённы савет, у Беларусі — аддзел адукацыі, спорту і турызму Драгічынскага раённага выканаўчага камітэта. Плануецца стварыць 800 км байдарачных маршрутаў на Заходнім Бузе з маркіроўкай і абсталяваннем неабходнай турыстычнай інфраструктуры. Плануецца таксама адкрыць турыстычныя цэнтры ў трох краінах і арганізаваць промамерапрыемствы, у тым ліку сплаў на байдарках.

Стварэнне турыстычнага маршруту для прапагандавання культурнай і гістарычнай спадчыны двух гарадоў — Сакулка (Польшча) і Гародня (Беларусь) — прадугледжвае другі праект „Шляхам Тызенгаўза”. Дзякуючы сумеснаму фінансаванню, якое складзе 1,92 млн еўра, у Сакулцы і Гародні будуць адрамантаваныя і абсталяваныя два гістарычныя будынкі, прызначаныя для культурных мэтаў. Будуць таксама распрацаваны і прамаркіяваны трансмежавы турыстычны маршрут „Шлях Тызенгаўза” Сакулка — Гародня, распрацаваная польска-беларуская стратэгія развіцця трансмежавага турызму. Вядучым бенефіцыярам праекта з’яўляецца гміна Сакулка, а яе партнёрамі ў Беларусі будуць аддзел адукацыі спорту і турызму Гарадзенскага гарвыканкама і Гарадзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання „Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз”.

Яшчэ адзін праект — „Трансмежавыя цэнтры дыялогу культур Польшча — Беларусь — Украіна” — атрымаў фінансаванне ў 2,35 млн еўра на прапагандаванне культурнай і этнічнай разнастайнасці рэгіёнаў Шчучын у Польшчы, Шчучын ў Беларусі і Ковель ва Украіне. Для гэтага створаць тры трансмежавыя цэнтры культурнага дыялогу, якія будуць займацца арганізацыяй рэкламных мерапрыемстваў для развіцця агульнай культуры памежжа. Акрамя таго, будзе распрацаваная стратэгія развіцця турызму ў прыгранічных рэгіёнах Польшчы, Беларусі і Украіны. Праект будзе рэалізаваны партнёрамі з трох краін: гміна Шчучын (Польшча), выканаўчы камітэт Ковельскай гарадской рады (Украіна) і аддзел адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама (Беларусь).

belapan.by