ЕЗ – Гарадзеншчына: супраца і перспектывы



Еўрапейская камісія зацвердзіла праграму транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча–Беларусь–Украіна 2014–2020”. На сакавік бягучага года запланавана першае паседжанне сумеснага маніторынгавага камітэта, на якім будуць абмеркаваныя ўмовы запуску праграмы, у тым ліку і на Гарадзеншчыне. У Прынёманскім рэгіёне плануецца ажыццявіць рэалізацыю шэрагу праектаў, такіх як будаўніцтва маста праз раку Свіслач на памежным пераходзе “Баброўнікі–Бераставіца” і набыццё абсталявання для сканавання грузаў на мытным пункце пропуску “Бераставіца”.

Інвестыцыі Еўразвязу на рэалізацыю толькі гэтых двух праектаў перавысяць восем мільёнаў даляраў. Як зазначае куратар транспамежных праграмаў Сяргей Каляда, супраца паміж Еўразвязам і Гарадзеншчынай з кожным годам выглядае ўсё больш перспектыўна:

– Ёсць планы і ў органаў улады, і ў грамадскіх аб’яднанняў. Разам мы зможам вырашыць як рухацца далей. Распрацоўваюцца цікавыя накірункі, у нас ёсць выпрацаваныя методыкі, правілы, ёсць інфраструктура.

Еўрапейская камісія ў межах рэалізацыі праграмаў транспамежнага супрацоўніцтва на працягу пяці гадоў мае намер інвеставаць адзін мільярд даляраў у развіццё прыпамежнай інфраструктуры трыццаці краін, у тым ліку Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота nnm.me