ЕЗ падтрымае праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці ў Беларусі
Еўрапейскі звяз падтрымае праекты па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання энергіі і прыродных рэсурсаў у Беларусі. Гэта прадугледжана фінансавым пагадненнем „EU4Belarus: Механізм рэсурсаэфектыўнасці для Беларусі”, паведамілі ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі.
Бюджэт новай сумеснай праграмы супрацоўніцтва складае 15 млн еўра. Пілотнымі для яе стануць Берасцейская і Гарадзенская вобласці.
Праграма дапаможа распрацаваць меры па распаўсюджанні інвестыцыйнай дзейнасці, што прадугледжвае эканомію энергіі, больш эфектыўнае кіраванне рэсурсамі, мадэрнізацыю муніцыпальнай і прыватнай інфраструктуры.
Еўрапейскі звяз таксама будзе падтрымліваць дыялог па пытаннях дзяржаўнай палітыкі, каардынацыю і ўзаемадзеянне паміж ключавымі зацікаўленымі бакамі ў гэтай галіне (дзяржаўнымі ведамствамі, мясцовай адміністрацыяй і грамадзянскай супольнасцю), патэнцыяльнымі інвестарамі і іншымі ігракамі.
