ЕЗ прафінансуе развіццё гарадскога веларуху ў Беларусі



За два з паловай гады ў Беларусі плануюць рэалізаваць праект „Развіццё гарадскога веласіпеднага руху ў інтарэсах грамадскасці”, паведаміла 12 мая на першай веласіпеднай канферэнцыі гарадоў Беларусі ў Менску намеснік кіраўніка Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова.

Праграма стартавала ў сакавіку, завяршыць яе плануюць блізу восені 2019 года. Сродкі — 560 855 еўра — выдзеліў Еўразвяз. Большая частка мерапрыемстваў праграмы будзе рэалізавана ў Менску, Берасці, Гародні і Магілёве.

„Па мерках ЕЗ, гэта даволі маштабны праект, — сказала Чумакова. — Нам трэба будзе вырашыць тры буйныя блокі задач на нацыянальным і рэгіянальных узроўнях”.

Першы блок — развіццё веларуху і паляпшэнне веласіпеднай палітыкі. Ён прадугледжвае працу на ўзроўні нацыянальнай і мясцовых органаў улады, у сферы заканадаўства, распрацоўку рэкамендацый і правядзенне даследаванняў.

Другі блок — нарошчванне патэнцыялу веласіпедных арганізацый і ініцыятыўных груп, якія жадаюць нешта мяняць у сваім горадзе. Плануецца стварыць рабочую групу па развіцці веларуху ў краіне.

Трэці блок — удзел грамадскасці ў развіцці гарадскога веларуху. Плануецца стварыць сайт, які збярэ ўсю інфармацыю аб стане веларуху ў краіне. Там жа будзе расказвацца пра вопыт розных краін.

Усталююць першы ў Беларусі лічыльнік веласіпедыстаў. Таксама плануецца распрацаваць рэкамендацыі па стварэнні турыстычных веламаршрутаў і падрыхтаваць карту існых веламаршрутаў, дапрацаваць веламаршрут Налібоцкая пушча — Белавежская пушча.

БелаПАН