ЕЗ разлічвае на пашырэнне ўдзелу Беларусі ў Twinning
Еўразвяз разлічвае на пашырэнне ўдзелу дзяржаўных органаў Беларусі ў праекце Twinning, паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ 22 снежня ў Менску падчас падпісання кантракта ў межах праекта Twinning, які скіраваны на ўмацаванне патэнцыялу Нацбанка і фінансуецца Еўразвязам.
„Мне хацелася б пажадаць вялікага поспеху ў рэалізацыі гэтага першага для Беларусі твініг-праекта і выказаць надзею, што іншыя дзяржаўныя органы краіны ўсвядомяць увесь патэнцыял такіх праектаў. І ўжо выказвалася цікавасць у тым, каб рэалізаваць у Беларусі падобныя праекты”, — адзначыла Віктарын.
Паводле яе слоў, падчас праведзенага 19—20 снежня ў Бруселі чацвёртага пасяджэння каардынацыйнай групы Беларусь — ЕЗ у ліку іншага абмяркоўваліся магчымасці, якія можа даваць Twinning. Са свайго боку ЕЗ гатовы ствараць новыя партнёрскія сувязі з прымяненнем гэтага інструмента ў адпаведнасці з палітыкай добрасуседства.
Віктарын падзякавала камандзе Нацбанка за велізарную падрыхтоўчую працу. „Нацбанк вельмі добра справіўся. У вас добрая рэпутацыя ва ўсіх інстытутах Еўрасаюза”, — падкрэсліла яна.
Twinning з’явіўся ў 1998 годзе як інструмент для аказання тэхдапамогі краінам, што імкнуцца ўступіць у ЕЗ. У 2004 годзе ён стаў прымяняцца ў дачыненні да партнёрскіх краін-суседзяў, каб наблізіць іх заканадаўства ў розных сферах да агульнаеўрапейскага, укараняць перадавы вопыт партнёраў з ЕЗ.
Нацыянальны банк Беларусі 22 снежня падпісаў кантракт у мэтах рэалізацыі праекта Twinning па падтрымцы банкаўскай сістэмы краіны. Праект з бюджэтам 1,15 млн еўра будзе рэалізаваны ў 2018—2019 гадах кансорцыумам банкаў — Нямецкім федэральным банкам, Нацыянальным банкам Польшчы і Банкам Літвы. У межах праекта плануецца прыняць шэраг мер, скіраваных на ўзмацненне Нацбанкам Беларусі плацежнай сістэмы, павышэнне фінансавай стабільнасці, паляпшэнне банкаўскага нагляду і кіравання фінансавымі рызыкамі.