Фермеры аб’ядноўваюцца, каб выжыць



У Столінскім раёне працягваецца аб’яднанне прыватных сельскіх гаспадарак. Сэнс аб’яднання ў тым, каб супольнымі намаганнямі рэалізоўваць праекты, скіраваныя на паляпшэнне тэхнічных умоў, увядзенне ў практыку новых метадаў развяцця сельскагаспадарчых культур. Падтрымку столінскім фермерам аказваюць партнёры з Еўразвязу. Сёлета завяршаецца другі этап праекту ExNet, які даў магчымасць гароднінаводам Століншчыны атрымоўваць апошнюю інфармацыю ў свеце развіцця сельскагаспадарчых культураў. Фермеры мелі магчымасць пабачыць, як вядуць прыватную гаспадарку іх калегі ў Еўрапейскім Звязе. Дырэктар Столінскага цэнтру сельскага развіцця Віктар Велясніцкі кажа, што галоўнае, каб фермеры адчувалі падтрымку:

– Уся наша дзейнасць накіраваная на практычную дапамогу сельскім жыхарам, на прыцягненне неабходных людскіх і фінансавых рэсурсаў праз рэалізацыю розных праектаў. Большасць нашых праектаў заснаваныя менавіта на ініцыятывах фермераў.

Столінскі цэнтр сельскага развіцця дзейнічае з 2006 году і аб’ядноўвае звыш 30 фермераў. Як вядома, асноўны прыбытак жыхары Столінскага раёну маюць з вядзення прыватнай гаспадаркі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота politikus.ru