Фермеры аб’ядноўваюцца ў кааператывы



На Берасцейшчыне, ў Столінскім раёне, фермеры, якія займаюцца агародніцтвам, аб’ядноўваюцца ў кааператывы. Так у вёсцы Белавушы, што пад Столінам, 4 прыватныя гаспадаркі аб’ядналіся, каб прыбраць бульбу. Для гэтага яны набылі польскі камбайн для збору бульбы ANNA Z-644.

Палову кошту тэхнікі аплаціў мясцовы Цэнтр сельскага развіцця. Ягоны старшыня Віктар Велясніцкі адзначыў, што ўстанова заўжды вітае разумныя ініцыятывы аграрыяў:

– Большасць нашых праектаў заснавана на ініцыятывах людзей. Зразумела, мы, як спецыялісты, задаючы людзям пытанні пра існыя праблемы, наводзім іх на пэўныя думкі. Таксама мы праводзім семінары, арганізоўваем паездкі на выставы, у перадавыя гаспадаркі як у нашай краіне, так і за яе межамі.

У Столінскім раёне Цэнтр сельскага развіцця рэалізоўвае праект ExNet, адна з задач якога аказанне практычнай падтрымкі кааператыўным ініцыятывам фермераў, група з Белауш скарысталася гэтым.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Валерыя Бычкова