Fitch ацэньвае ў $10,6 млрд выдаткі Беларусі ад падатковага манеўру ў Расеі



Калі Беларусь не дамовіцца з Расеяй пра кампенсацыю па падатковым манеўру, сумарныя прамыя выдаткі краіны могуць вырасці да 10,6 млрд долараў у найбліжэйшыя пяць гадоў. Пра гэта гаворыцца ў абгрунтаванні агенцтва Fitch Ratings да апошніх рэйтынгавых дзеянняў у дачыненні да Беларусі.

Як адзначае Fitch, Беларусь і Расея працягваюць весці перамовы аб механізме магчымай кампенсацыі ў сувязі з ажыццяўленнем падатковага манеўру ў расійскай нафтавай галіне. Гэта адбываецца на фоне больш шырокіх абмеркаванняў наконт павелічэння эканамічнай інтэграцыі ў рамках саюзнай дамовы 1999 года.

„У той час як тон абмеркаванняў палепшыўся і нядаўнія заявы высокапастаўленых службовых асоб указваюць на прагрэс, тэрміны дасягнення канчатковых дамоўленасцяў застаюцца нявызначанымі”, — канстатуюць аналітыкі агенцтва.

„Калі не будзе кампенсацыі, сумарныя прамыя выдаткі могуць вырасці да 10,6 млрд долараў у перыяд з 2019 па 2024 год, калі цэны на нафту ў сярэднім будуць на ўзроўні 70 долараў, а аб’ём нафты, якая перапрацоўваецца на НПЗ Беларусі, павялічыцца з 18 млн тон у 2019 годзе да 24 млн тон у 2020—2024 гадах”, — лічаць у Fitch Ratings.

Паводле ацэнак агенцтва, улады ўжо ўлічылі адсутнасць кампенсацыі пры планаванні фіскальнай, фінансавай і манетарнай палітыкі на 2019—2020 гады. „Здольнасць эканомікі адаптавацца да больш высокіх расходаў на імпарт энерганосьбітаў у сярэднетэрміновай перспектыве, патэнцыйна за кошт больш нізкага росту і больш слабага абменнага курсу, будзе залежаць ад наяўнасці альтэрнатыўных крыніц знешняга фінансавання і тэмпаў змяненняў у нафтаперапрацоўчай галіне і іншых сектарах, залежных ад больш нізкіх цэн на энерганосьбіты”, — адзначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, раней экспартаваная з Расеі ў Беларусь нафта не абкладалася мытнымі пошлінамі. Беларусь перапрацоўвала нафту на сваіх заводах і экспартавала яе ў краіны Еўропы, абкладаючы ўласнымі падатковымі пошлінамі і атрымліваючы ад гэтага даходы. Падатковы манеўр у Расіі прадугледжвае паступовае зніжэнне падатковых пошлін на экспарт нафты да нуля да 2024 года і іх замяшчэнне падаткам на здабычу карысных выкапняў. Гэта азначае, што з 2024 года пры адсутнасці кампенсацыі з боку Расеі Беларусь фактычна будзе імпартаваць нафту па сусветных цэнах.

Варта адзначыць, што цяпер Беларусь чакае канчатковага рашэння Расіі аб выдзяленні крэдыту на 600 млн долараў для рэфінансавання доўгу перад РФ. Тэрміны разгляду пытання аб выдзяленні Беларусі сёмага траншу крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця таксама зацягваюцца. У 2016—2018 гадах краіна атрымала шэсць траншаў крэдыту на 1,8 млрд долараў. Апошні, сёмы, транш (на 200 млн долараў) беларускія ўлады разлічвалі атрымаць у першым квартале 2019 года.

Тым часам ва ўрадзе Расіі заяўляюць, што рашэнні ўрада па фінансавых узаемаадносінах з Беларуссю могуць быць прыняты пасля ўзгаднення бачання далейшай інтэграцыі з Расіяй.

„Мы дамовіліся з Беларуссю, што нам неабходна прымаць комплексныя рашэнні, якія б тычыліся бачання нашай далейшай інтэграцыі ў частцы саюзнай дамовы. Тады мы будзем разумець і арбіту нашых фінансавых узаемаадносін”, — сказаў 8 чэрвеня журналістам першы віцэ-прэм’ер РФ, міністр фінансаў Антон Сілуанаў.

Ён растлумачыў, што раней вырашэння пытання з інтэграцыяй не мае сэнсу „выдзіраць” пытанні кампенсацыі за страты ад падатковага манеўру або пытанні крэдытавання краіны. „Усё гэта трэба глядзець у комплексе, у частцы таго, як мы будзем рухацца па інтэграцыі ў частцы тых мерапрыемстваў, якія ўтрымліваюцца ў саюзнай дамове. Сёння мы спрабуем абнавіць яе, каб мы бачылі разуменне нашай дарожнай карты”, — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

belapan.by