Fitch дапускае продаж „Белгазпрамбанка”
Доўгае знаходжанне „Белгазпрамбанка” пад кантролем часовай адміністрацыі павышае верагоднасць яго продажу. Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў асацыяваны дырэктар міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings Ілья Саржын.
Часовая адміністрацыя ў „Белгазпрамбанк” была ўведзеная Нацыянальным банкам у чэрвені гэтага года пасля затрымання топ-менеджараў „Белгазпрамбанка” праваахоўнымі органамі ў сувязі з распачынаннем крымінальнай справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Акцыянеры беларускага банка — расейскія „Газпром” і „Газпромбанк” — палічылі рашэнне Нацбанка аб зняцці кіраўніцтва „Белгазпрамбанка” незаконным і да гэтага часу не супрацоўнічаюць з часовай адміністрацыяй.
„Доўгае знаходжанне банка пад кантролем часовай адміністрацыі, што азначае страту аперацыйнага кантролю над дзейнасцю банка з боку яго акцыянераў, можа негатыўна паўплываць на іх гатоўнасць працягваць ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, і гэта павышае верагоднасць продажу даччынага банка”, — мяркуе Саржын.
Каментуючы фінансавае становішча беларускага банка, ён адзначыў, што асноўная рызыка — магчымае пагаршэнне ліквіднасці банка ў выніку адтокаў кліенцкіх сродкаў і датэрміновага выпатрабавання міжбанкаўскіх крэдытаў.
„У банка адбыўся досыць істотны адток сродкаў укладчыкаў у другой палове чэрвеня, аднак дынаміка ліпеня—жніўня паказвае запаволенне адтокаў і нават прырост у некаторых сегментах”, — сказаў Саржын.
Міжбанкаўскія крэдыты, дадаў ён, беларускі банк пагашае ў адпаведнасці з усталяванымі тэрмінамі і замяшчае іх сродкамі, атрыманымі ад іншых беларускіх банкаў і ад Нацыянальнага банка.
„Іншыя фактары крэдытнага профілю банка, такія як якасць актываў, прыбытковасць і дастатковасць капіталу, знаходзяцца на прымальным (у лакальным кантэксце) узроўні, але з негатыўным прагнозам з прычыны агульнага пагаршэння аперацыйнай асяроддзя ў Беларусі”, — растлумачыў Саржын.
Ён нагадаў, што міжнародны крэдытны рэйтынг банка агенцтва Fitch Ratings змясціла ў чэрвені ў спіс на перагляд з негатыўным прагнозам (Watch Negative).
„Мы плануем перагляд рэйтынгаў банка на працягу шасці месяцаў пасля іх змяшчэння ў спіс Watch Negative, гэта значыць да 18 снежня. Аднак калі да гэтага моманту банк не выйдзе з-пад аперацыйнага кантролю часовай адміністрацыі, то цалкам верагодна, што рэйтынгі пакуль застануцца ў спісе Watch Negative”, — сказаў Саржын.