Fitch: Дзярждоўг Беларусі ў 2025 годзе можа дасягнуць 60% ВВП



Дзяржаўны доўг Беларусі (з улікам дадзеных дзяржгарантый) можа вырасці да 60% ВУП у 2025 годзе. Такі прагноз прыводзіцца ў краінавай справаздачы, якую падрыхтавала міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings.

Згодна з прагнозам агенцтва, у 2021 годзе дзярждоўг (з улікам абавязацельстваў, па якіх дадзеныя гарантыі ўрада) Беларусі вырасце з 48,4% да 51,7% ВУП, у 2022-м — да 53,3% ВУП, а ў 2025 годзе дасягне 60,3% ВУП.

У справаздачы міжнароднага рэйтынгавага агенцтва таксама прыводзіцца графік маючых адбыцца выплат Беларусі, заснаваны на дадзеных Міністэрства фінансаў.

Паводле гэтых дадзеных, Беларусь у першым квартале 2021 года выплаціла крэдыторам 880 млн даляраў, і да канца года ў лік пагашэння дзярждоўгу краіна яшчэ павінна накіраваць 2,77 млрд даляраў. У наступныя гады выплаты па дзярждоўгу застануцца на высокім узроўні, сведчаць дадзеныя ў справаздачы Fitch.

У 2022 годзе Беларусь павінна вярнуць крэдыторам 3,4 млрд даляраў, у 2023-м — 4,1 млрд, у 2024-м — 3,3 млрд, у 2025-м — 3,1 млрд даляраў.

„Эканамічная сітуацыя ў Беларусі будзе падштурхоўваць да новых запазычанняў. Акрамя гэтага, з улікам прагназаванай стагнацыі ВУП у доларавым выражэнні можа нават зніжацца. Таму з прагнозам аналітыкаў агенцтва Fitch Ratings, якія мяркуюць рост дзяржаўнага доўгу Беларусі да 60% у 2025 годзе, можна пагадзіцца, перадумовы для такога развіцця падзей існуюць”, — адзначыў у каментары БелаПАН старэйшы аналітык Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.

Ён нагадаў, што ў сярэдзіне 2016 года дзярждоўг краіны з улікам дадзеных дзяржгарантый ужо павялічваўся да рэкордных 53% да ВУП.

„Павелічэнне пазыковай нагрузкі да 60% ВУП будзе яшчэ больш абмяжоўваць магчымасці бюджэту па фінансаванні капітальных выдаткаў, што яшчэ больш будзе тармазіць эканамічны рост. Акрамя гэтага, рост дзяржаўнага доўгу да 60% зробіць краіну яшчэ больш уразлівай да курсавых шокаў”, — падкрэсліў Крук.

Эканаміст адзначыў, што практычна ўвесь беларускі дзярждоўг намінаваны ў замежнай валюце і „рост валютнага курсу можа паставіць пад пытанне нашу здольнасць плаціць па даўгах у тым выпадку, калі пазыковая нагрузка на эканоміку працягне павялічвацца”.

У сваю чаргу, старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб не ўпэўнены, што дзяржава зможа павялічваць узровень дзярждоўгу: „Эканамічная сітуацыя сапраўды падштурхоўвае да павелічэння дзярждоўгу, але бягучыя адносіны Беларусі з крэдыторамі зусім не гарантуюць, што нам проста атрымаецца прыцягваць запазычанні. Таму адназначна сцвярджаць, што дзярждоўг у бліжэйшыя пяць гадоў будзе абавязкова расці, не даводзіцца”.

На яго думку, Беларусь можа рэальна заняць вялікія грошы толькі ў Расеі.

„Прыцягнуць фінансаванне Беларусь рэальна можа на расейскім рынку капіталу шляхам размяшчэння дзяржаблігацый. Попыт на беларускі дзярждоўг на расейскім рынку капіталу будзе залежаць ад цаны, якую гатовы будзе заплаціць беларускі бок за рынкавыя запазычанні. Што тычыцца нярынкавых пазык у Расеі, то ўмовы іх вылучэння будуць цалкам залежаць ад палітычных перамоваў, зыход якіх прадказаць немагчыма”, — сказаў Іосуб.

belapan.by