Fitch можа пагоршыць рэйтынгі „Белгазпрамбанка”
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings змясціла рэйтынгі „Белгазпрамбанка” ў спіс на перагляд (Rating Watch) з магчымасцю паніжэння, гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
„Гэтыя рэйтынгавыя дзеянні ідуць за ўвядзеннем Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь часовай адміністрацыі ў „Белгазпрамбанк” 15 чэрвеня (на перыяд максімум шасці месяцаў) і наступным прыпыненнем паўнамоцтваў праўлення банка”, — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
„На сёння мы не маем інфармацыі аб тым, якія меры могуць быць прыняты часовай адміністрацыяй, і з улікам таго, што сітуацыя працягвае развівацца, складана ацаніць патэнцыйныя наступствы для структуры ўласнасці банка, яго кліенцкай базы і стабільнасці дэпазітаў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Fitch плануе прыняць рашэнне аб рэйтынгах банка, „калі будзе больш яснасці наконт вынікаў расследавання ў дачыненні да менеджменту банка і вынікаў працы часовай адміністрацыі, а таксама негатыўнага ўплыву, які яны могуць аказаць на крэдытаздольнасць банка”.
„Змяшчэнне абумоўленых падтрымкай рэйтынгаў у спіс Rating Watch „Негатыўны” адлюстроўвае няпэўнасць у дачыненні да гатоўнасці уласнікаў банка працягваць даваць падтрымку ў цяперашніх абставінах, калі аперацыйны кантроль над банкам фактычна перайшоў да часовай адміністрацыі, прызначанай НБРБ”, — гаворыцца ў паведамленні Fitch.
На думку аналітыкаў рэйтынгавага агенцтва, такая сітуацыя, калі яна будзе захоўвацца працяглы час, „можа негатыўна паўплываць на гатоўнасць уласнікаў банка працягваць ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, што павышае верагоднасць продажу даччынага банка”.
Статус Rating Watch „Негатыўны” прымае пад увагу меркаванне Fitch аб негатыўных рызыках для крэдытаздольнасці банка на самастойнай аснове, і ў прыватнасці для фандавання і ліквіднасці, тлумачаць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.
„Гэта абумоўлена патэнцыйнай валацільнасцю кліенцкіх дэпазітаў у банка і магчымым адтокам фандавання, прыцягнутага на фінансавых рынках, (пераважна міжбанкаўскага) у перыяд дзеяння часовай адміністрацыі і звязанай з гэтым няпэўнасці”, — адзначылі аналітыкі Fitch.
Яны канстатуюць, што ўласнікі банка пакуль адмаўляюцца падтрымліваць банк рэсурсамі і ён фандуецца цяпер за кошт рэсурсаў Нацыянальнага банка.
„Аднак магчымасць у НБРБ аказаць падтрымку, дастатковую для таго, каб пакрыць увесь аб’ём магчымых адтокаў сродкаў у замежнай валюце ў „Белгазпрамбанка”, можа быць абмежаванай з прычыны сціплага ўзроўню рэзерваў у замежнай валюце ў НБРБ”, — лічаць аналітыкі Fitch.
belapan.by