Fitch прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі ў 2020 годзе на 2,1% і рост у 2021-м на 0,7%
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназуе зніжэнне валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2020 годзе на 2,1%, рост у 2021-м — на 0,7% і на 1% — у 2022 годзе. Пра гэта гаворыцца ў абгрунтаванні да апошняга рашэння Fitch у дачыненні да Беларусі, якім прагноз па крэдытным рэйтынгу краіны пагоршаны да „негатыўнага” ў сітуацыі палітычнага крызісу.
„Паводле прагнозаў Fitch, рэальны ВУП Беларусі скароціцца толькі на 2,1% у 2020 годзе, паказваючы больш высокую ўстойлівасць да шоку, выкліканага каранавірусам, адносна эмітэнтаў з супастаўнымі рэйтынгамі і рэгіянальных супастаўных эмітэнтаў, таму што краіна не прымала жорсткіх мер па стрымліванні распаўсюджвання віруса”, — адзначаюць аналітыкі агенцтва.
„Мы прагназуем рост на 0,7% у 2021 годзе і на 1% у 2022 годзе з прычыны вялых узроўняў спажывання і інвестыцый на фоне палітычнага клімату ў краіне, запаволення росту крэдытавання і рэальнай заработнай платы і паступовага аднаўлення знешняга попыту”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Ва ўмовах палітычнага крызісу захоўваюцца рызыкі забастовак у ключавых галінах (пакуль згодна з паведамленнямі іх уплыў быў абмежаваным), а таксама магчымае аслабленне перспектыў росту для ІТ-сектара (7% ВУП), які быў драйверам росту і экспарту паслуг у апошнія гады”, — канстатуюць аналітыкі Fitch Ratings.
Як паведамлялася, за студзень—кастрычнік 2020 года беларускі ВУП знізіўся на 1,1%. МВФ, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а таксама Сусветны банк прагназуюць, што беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 3-4% у параўнанні з мінулым годам.
Між тым урад разлічвае, што пры спрыяльных абставінах ВУП Беларусі ў 2020 годзе не знізіцца ў параўнанні з мінулым годам.
„Вядома, задача выйсці на стопрацэнтны рост эканомікі дастаткова напружаная, неабходна адшукаць дадатковыя рэсурсы. На фоне падзення эканомік нашых суседзяў дзе на 4%, дзе на 5%, а дзе і на 9% утрымаць тэмп у 100%, вядома, складана, але выканальна пры спрыяльным збегу абставін. Урад настроены гэтую задачу выканаць”, — заявіў 2 лістапада вузкаму колу журналістаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, паведаміла прэс-служба ўрада.