Fitch Ratings пагоршыла прагноз па рэйтынгу Беларусі да „негатыўнага”



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пагоршыла прагноз па доўгатэрміновым рэйтынгу дэфолту эмітэнта (РДЭ) у замежнай валюце са „стабільнага” на „негатыўны” і пацвердзіла РДЭ на ўзроўні „B”.

Як тлумачыць агенцтва, перагляд прагнозу на „негатыўны” адлюстроўвае меркаванне Fitch аб тым, што палітычны крызіс у Беларусі пасля выбараў павысіў уразлівасць, абумоўленую адносна нізкімі міжнароднымі валютнымі рэзервамі і слабым банкаўскім сектарам.

„Узмацненне палітычных хваляванняў можа прывесці да дадатковага націску на міжнародныя рэзервы і адток дэпазітаў, павялічваючы рызыкі для макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае Fitch, афіцыйны вынік жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў, на якіх прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка быў прызначаны на новы тэрмін, па-ранейшаму аспрэчваецца апазіцыйным рухам, ЗША, краінамі Еўрасаюза і Вялікабрытаніяй з-за абвінавачванняў у шырока распаўсюджаных фальсіфікацыях.

„Цяпер дыялогу паміж апазіцыйным рухам і ўладай няма. Працягваюцца масавыя вулічныя акцыі пратэсту з патрабаваннямі адстаўкі Лукашэнкі, правядзення новых выбараў і вызвалення палітвязняў. Прапанаваная прэзідэнтам Лукашэнкам канстытуцыйная рэформа як патэнцыйны механізм выхаду з крызісу да гэтага часу адпрэчваецца апазіцыйным рухам”, — канстатуюць аналітыкі.

На думку Fitch, захоўваецца магчымасць абвастрэння палітычнага крызісу. „Палітычны крызіс стварае рызыкі аднаўлення сацыяльных хваляванняў, забастовак, дадатковай дыпламатычнай напружанасці з заходнімі краінамі і патэнцыйна больш жорсткіх санкцый у параўнанні з тымі, якія цяпер накіраваныя супраць некаторых урадавых чыноўнікаў, уключаючы прэзідэнта”, — лічаць аналітыкі агенцтва.

Яны адзначаюць, што беларускі рубель абясцэніўся ў дачыненні да долара ЗША на 18% з пачатку года і на 8% за жнівень. Глабальная няпэўнасць, звязаная з пандэміяй каронавіруса, распаўсюджванне валацільнасці фінансавых рынкаў з Расіі з-за геапалітычных рызык або аднаўленне абвастрэння палітычнага крызісу можа прывесці да дадатковага абясцэньвання, што адмоўна адаб’ецца на міжнародных рэзервах, стабільнасці фінансавага сектара і дзяржаўным доўгу, лічаць у агенцтве.

Fitch чакае, што пасля рэзкага зніжэння на 1,4 млрд даляраў ЗША ў жніўні золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнуць 7,6 млрд долараў ЗША (2,4 месяца цякучых знешніх плацяжоў) да канца 2020 года.

„Мы прагназуем зніжэнне рэзерваў да 6,8 млрд даляраў ЗША ў 2021 годзе і 6,2 млрд даляраў ЗША ў 2022 годзе (1,7 месяца цякучых знешніх плацяжоў), што прывядзе да далейшага аслаблення рубля”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аналітыкі Fitch адзначаюць, што зніжэнне ўнутранага даверу таксама будзе аказваць націск на ліквіднасць банкаў і якасць актываў. Дэпазіты ў замежнай валюце ўпалі на 7% у жніўні—верасні, пры гэтым дэпазіты насельніцтва скараціліся на 15%, або на 1,1 млрд даляраў ЗША.

За той жа перыяд дэпазіты ў мясцовай валюце знізіліся на 6% (уключаючы аднаўленне на 5% у верасні).

Зніжэнне курсу беларускага рубля таксама прывядзе да зніжэння якасці актываў (50% крэдытаў у замежнай валюце) і націску на капіталізацыю (16,4%). Fitch лічыць, што якасць актываў, верагодна, будзе значна ніжэйшай за заяўленую (5% праблемных крэдытаў). Паколькі 60% сістэмы належыць дзяржаве, яна ўяўляе сабой умоўнае абавязацельства для дзяржавы і можа запатрабаваць дадатковых уліванняў капіталу, адзначаюць у агенцтве.

belapan.by