Fitch Ratings: Плацяжы па дзярждоўгу Беларусі запатрабуюць 3,23 млрд даляраў у 2022 годзе і 4 млрд — у 2023-м
Паляпшэнне сітуацыі з золатавалютнымі рэзервамі дае Беларусі добрыя пазіцыі для забеспячэння кароткатэрміновых патрэб у фандаванні ў замежнай валюце, гаворыцца ў каментары міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings да чарговага рэйтынгавага дзеяння ў адносінах да Беларусі.
Як адзначаюць аналітыкі агенцтва, міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі павялічыліся на 1,0 млрд даляраў да 8,5 млрд даляраў за першыя дзевяць месяцаў года з-за атрымання ад МВФ спецыяльных правоў запазычання і прафіцыту рахунку наяўных бягучых аперацый, які пераважыў невялікі адток дэпазітаў, і рубель крыху ўмацаваўся. На стан рахунку бягучых аперацый спрыяльна паўплывалі больш высокія прыбыткі ад экспарту ключавых сыравінных тавараў і млявае спажыванне, якое адбівалася на росце імпарту, і, паводле прагнозаў Fitch, прафіцыт складзе 0,7% ад ВУП у 2021 годзе. У 2022 і 2023 гадах, згодна з прагнозамі агенцтва, рахунак бягучых аперацый стане дэфіцытным з прычыны зніжэння цэн на ключавыя віды экспарту, больш высокіх транспартных расходаў і больш стрыманага росту экспарту ІТ-паслуг.
Паводле звестак Fitch, сумарныя пагашэнні суверэннага доўгу Беларусі ў замежнай валюце ў 2022 годзе складаюць 3,23 млрд даляраў. Прыблізна траціна належыць Расеі, 17% — Кітаю і 11% — Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Яшчэ траціна прыпадае на аблігацыі на ўнутраным і расейскім рынках, якія, як мяркуе Fitch, могуць быць пралангаваныя.
Улады чакаюць яшчэ адну праграму крэдытавання з ЕФСР, што ў спалучэнні з валютнымі даходамі бюджэту павінна пакрыць разрыў, зазначаюць аналітыкі.
„Забеспячэнне патрэб у фандаванні ў замежнай валюце ў 2023 годзе будзе больш складанай задачай, таму што пагашэнні дасягнуць 4 млрд долараў, уключаючы еўрааблігацыі на 800 млн долараў з тэрмінам пагашэння ў лютым. Санкцыі фактычна перашкаджаюць правядзенню эмісій на асноўных міжнародных рынках”, — падкрэсліваецца ў каментары Fitch Ratings.
Паводле звестак Міністэрства фінансаў, знешні дзярждоўг Беларусі на 1 кастрычніка склаў 18,2 млрд даляраў ЗША, зменшыўшыся з пачатку года на 0,3 млрд даляраў (з улікам курсавых розніц), або на 1,8%. На пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў студзені—верасні 2021 года накіравана 1 млрд 381,3 млн даляраў.